Навіны

«Беларускія Мальдзівы» нарэшце можна наведаць легальна: у праграме візіт на завод і экспанаты, якім 65 млн гадоў

Пабываць на «беларускіх Мальдзівах», убачыць малюскаў, якім дзясяткі мільёнаў гадоў, і… паразмаўляць пра цэмент могуць турысты ў Ваўкавыскім раёне. Новы турыстычны маршрут аб’ядноўвае прамысловы турызм і адно з самых інстаграмных месцаў Гродзенскай вобласці.

Паўтарагадзінную экскурсію, у якую ўключаны крэйдавыя кар’еры, прапануе «Краснасельскбудматэрыялы». Турыстычны маршрут пачынаецца з музея прадпрыемства, які з’явіўся тут 20 гадоў таму, распавёў «Гродзенскай праўдзе» намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце і сацыяльных пытаннях Генадзь Найдзюк. У музеі можна ўбачыць крэйдавыя адбіткі дагістарычных марскіх насельнікаў - двухстворкавага малюска, марскіх вожыкаў, ракавін галаваногіх малюскаў аманітаў.

Адбітак рыбы, Іван Шамякін і печ, якая круціцца

Мастак-афарміцель музея Таццяна Васілевіч раіць звярнуць увагу на самы старажытны экспанат — адбітак рыбы віду хоплаптэрыкс. Яго знайшлі ў адным з крэйдавых кар’ераў на глыбіні прыкладна 50 метраў. Яму больш за 65 млн гадоў.

Таццяна Васілевіч і Генадзь Найдзюк. Фота: grodnonews.by

Сярод старажытнасцяў ёсць фрагменты зуба і біўня маманта, а таксама закамянеласць трапічнага дрэва. Яе знайшоў работнік прадпрыемства на дачы ў раёне так званай 5-й лінзы — аднаго са старых кар’ераў.

У экскурсію таксама ўваходзяць апавяданні аб гісторыі самога прадпрыемства, заснаванага ў 1914 годзе, Вялікай айчыннай вайне, пісьменніку Іване Шамякіне, які праходзіў практыку на заводзе ў 1940, і тэхналогіях вырабу цэменту.

Для апошняга стварылі макет печы старога цэментнага завода. На ім паказваюць працэс абпалу клінкеру — прамежкавага прадукта пры вытворчасці цэменту.

Экспазіцыя музея «Краснасельскбудматэрыялы». Фота: grodnonews.by

Убачыць «беларускія Мальдывы» і не патануць

Акрамя экскурсіі па музеі прадпрыемства, турыстычны маршрут таксама ўключае ў сябе наведванне агляднай пляцоўкі. Яе ўсталявалі летась на 14-й лінзе.

Адсюль адкрываецца від на «беларускія Мальдзівы» — вадаём плошчай 54 га і глыбінёй да 50 м. Тут жа раскажуць аб тэхналогіі здабычы мелу. Каб патрапіць на назіральную пляцоўку, трэба праехаць ад завода каля 8 кіламетраў.

Крэйдавыя кар’еры заўсёды вабілі аматараў адпачынку на прыродзе, фотасесій і экстрэмалаў, кажа Найдзюк.

— А зараз у іх з’явілася легальнае месца, дзе можна спаўна нацешыцца мясцовымі прыгажосцямі, убачыць кар’еры і зрабіць фота на памяць. Усталявалі бяспечную платформу з агароджай,
якая перашкаджае падыходу людзей да крутых схілаў кар’ера.

Аглядная пляцоўка на адным з кар’ераў. Фота: grodnonews.by

Патрапіць на пляцоўку можна толькі ў складзе арганізаванай групы. Індывідуальных турыстаў туды не пусцяць.

Музей хочуць асучасніць, а пляцоўку — падсвятліць

Завод плануе пашыраць музейную экспазіцыю, бо назадзейнічаных экспанатаў яшчэ шмат, гаворыць Найдзюк.

—  Хочацца таксама асучасніць яе, дадаць, напрыклад, мультымедыйнае і інтэрактыўнае абсталяванне. Не выключана, што і на агляднай пляцоўцы з’явіцца падсвятленне.

Чытайце яшчэ пра «Краснасельскбудматэрыялы»:

Падзяліцца

Апошнія запісы

Прарэктара з Гродна аштрафавалі за прусакоў у інтэрнаце

На кухні двух інтэрнатаў навучальнай установы ў Гродне знайшлі прусакоў. Іх выявілі пры правядзенні кантролю…

16 мая 2024

У Гродна новы горад-пабрацім. Чым ён вядомы?

Гродна і азербайджанскі горад Габала сталі гарадамі-пабрацімамі. Дамоўленасць пра гэта павінна вывесці супрацоўніцтва на новы…

16 мая 2024

У Гродне ўпершыню пройдзе гарадскі выпускны: калі і дзе?

Гарадскі выпускны ў Гродне ўпершыню пройдзе 14 чэрвеня. Месцам святкавання выбралі Савецкую плошчу. Падчас свята…

16 мая 2024

У Слоніме загарэўся разметачны аўтамабіль дарожнікаў - працоўны загінуў

У Слоніме памёр 26-гадовы працоўны, які пацярпеў пры пажары дарожна-разметачнай машыны. Яго адзенне загарэлася ад…

16 мая 2024

Дыджэй з Гродна выступіць на дабрачынным фэсце ў Варшаве — каб дапамагчы дзецям палітвязняў

Дыджэй з Гродна Schmoltz выступіць на дабрачынным фестывалі Belarus Outside Sound System. Там будуць збіраць…

16 мая 2024

Нерухомасць тыдня: кампактная двухпакаёўка з відэапраектарам ля «Баторыі»

Двухпакаёвая кватэра па вул. Стэфана Баторыя, 10 прадаецца ў Гродне. Фішка кватэры - відэапраектар з…

15 мая 2024