Экс-футбаліст і спартыўны дырэктар футбольнага клуба «Нёман» Дзмітрый Кавалёнак пакінуў сваё месца працы. Пра гэта паведаміў Telegram-канал «Заўзеем за ФК Нёман».

UPD 19 ліпеня. Дзмітрыя Кавалёнка 19 ліпеня судзяць па арт.19.11 КаАП «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць» у судзе Ленінскага раёна Гродна.

«Іншых каманд, акрамя «Нёмана», для мяне не існуе. У мяне сэрца ўжо «жоўта-зялёнае», — працытавалі ў канале Кавалёнка.

На сайце клуба ў раздзеле «Адміністрацыя» ён усё яшчэ значыцца спартовым дырэктарам.

Пра затрыманне Кавалёнка стала вядома 28 чэрвеня. Сілавікі сцвярджаюць, што ён удзельнічаў у незаконных маршах і распаўсюджваў экстрэмісцкія матэрыялы. Паводле версіі сілавікоў, на яго данеслі футбалісты. Ужо 29 чэрвеня сілавікі паведамілі, што мужчына на волі. «Трыбуна» сцвярджала, што яго адпусцілі дзякуючы званкам галоўнага трэнера «Нёмана» Ігара Кавалевіча. Як мяркуецца — Юрыю Караеву, памочніку прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектару па Гродзенскай вобласці.

Не падпісаўся за Лукашэнку і пісаў тлумачальную

«Гродзенскія сілавікі Лукашэнку затрымалі спортдзіра „Нёмана“ як небяспечнага злачынцу — з клубнага офіса яго вывелі, скаваўшы кайданкамі, да аддзялення Кавалёнка вялі два сілавікі, заламаўшы яму рукі і апусціўшы галаву ўніз», — пісала «Трыбуна».

У снежні 2020-га, калі кіраўніцтва і трэнеры «Нёмана» падпісваліся за Лукашэнку, Дзмітрый гэта рабіць адмовіўся. За гэта яго прымусілі пісаць тлумачальную. І сваё рашэнне функцыянер аргументаваў так: «Маё выхаванне, маё сумленне, абвостранае пачуццё справядлівасці не дазваляюць».

Хто здаў Кавалёнка?

«Трыбуна» сцвярджае, што ніхто з футбалістаў не здаваў дырэктара. Па версіі карэспандэнтаў, да яго проста дайшла чарга.

«Дзмітрыя паважаюць усе супрацоўнікі, гульцы і трэнеры клуба, ды і за яго межамі стаўленне такое ж. Як распавялі нашыя суразмоўцы, пасля гульні з „Баранавічамі“ уся дэлегацыя „Нёмана“ заставалася ў шоку ад таго, што здарылася з функцыянерам».

Чытайце таксама: