У справе двух палітзняволеных разглядаюць два эпізоды за 2022 год — ад 23 лютага і ад 30 сакавіка. Нібыта ў гэтыя дні Юлія распавяла ў тэлефоннай размове Паўлу пра свае звальненне з адвакатуры і пра прысуд Алесю Пушкіну. Пракурор спрабуе даказаць, што менавіта Павел размясціў гэтую інфармацыю на старонцы Белсата, які быў прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем — у нявызначаны час, нявызначаным спосабам, праз нявызначаных асоб. Падрабязнасці распавяла ў Facebook жонка Паўла Мажэйкі Ірына Чарняўка.

Павел і Юлія адразу цалкам адмовілі віну. Яны не давалі паказанняў у следстве. Юлію Юргілевіч возяць на суд з карцара і ў судзе яна заявіла, што яе трымаюць у «скоцкіх умовах», а таксама, што ей не далі азнаеміцца з крымінальнай справай.

Размовы, якіх не было

Сярод доказаў абвінавачання — запісы тэлефонных размоваў. Аднак білінг тэлефонаў паказвае, што ў 23 лютага і 30 сакавіка 2022 тэлефанаванняў між Юліяй і Паўлам не было. Тэлефонны нумар, на які нібыта званіла Юлія ў дні здзяйснення «злачынства», належыць Ірыне Чарняўцы. Таму ў пратаколах праслухоўвання яна фігуруе як субяседніца Юліі.

Таксама сярод доказаў - раздрукоўкі артыкулаў з сайта Белсата. Ні намеру на «размяшчэнне», ні факту перадачы інфармацыі для публікацыі, ні спосабу публікацыі, ні датычных да гэтага асобаў следствам не выяўлена.

У судзе глядзелі серыял

Гадзіну суд аглядаў дыск з любімым серыялам Юлінай маці, забраны пры ператрусе. Яшчэ гадзіну слухалі запіс адвакацкай прамовы Юліі падчас працэсу Андрэя Аўсіевіча.

Праслухоўвалі запісы побытавых размоваў бацькі Паўла, а таксама матэрыялы невядомага праслухоўвання, у якіх «можна было разабраць толькі кшталту „Іра, паслухай“ і „іду ў садок“…», расказала Ірына.

Выгналі наведвальнікаў

На другі дзень працэса суддзя выгнаў з залы дзвюх жанчын за тое, што яны засмяяліся. «Першая засмяяліся, калі Юлія спытала, ці суд сур’езна збіраецца глядзець серыял у паседжанні. Другая, маці Аўсіевіча, засмяялася падчас праслухоўвання абарончай прамовы Юліі ў судзе сына. Там была фраза, што „менты“ — гэта ўжо распаўсюджанае абывацельскае слова», — расказала Ірына.

Чытайце таксама: