Сілавікі затрымалі трэнера і адміністратарку, якія працуюць у гродзенскім футбольным клубе «Нёман». Іх абвінавацілі ў падпісках на «экстрэмісцкія» каналы. Аб затрыманні паведаміў адзін з каналаў сілавікоў.

Затрыманы трэнер — Дзмітрый Бельскі. Ён працуе ў футбольнай спартовай школе (СДЮШАР) «Нёмана». Выпускнік факультэта фізкультуры ГрДУ мае трэнерскую ліцэнзію UEFA. Яго па відэа апазнала «Наша Ніва».

Судзячы па відэа, Бельскага затрымалі ў лесапарку Пышкі, побач са спартовай школай, дзе ён працуе.

Затрыманая адміністратарка — Юлія Арлашына. Яна таксама працуе ў спартыўнай дзіцяча-юнацкай школе «Нёмана».

На відэа затрыманыя распавялі, што раней з імі правялі сход кіраўнікі з нагоды падпісак на экстрэмісцкія каналы.
Яны пад подпіс былі азнаёмленыя з заканадаўствам у сферы распаўсюджвання «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Раней сілавікі затрымалі спартовага дырэктара «Нёмана», былога футбаліста клуба Дзмітрыя Кавалёнка — таксама за падпіскі на «экстрэмісцкія» сацсеткі. Для яго затрыманне скончылася звальненнем з клуба.