Польшча плануе размясціць на мяжы з Беларуссю 10 тыс. вайскоўцаў. Акрамя гэтага, там разглядаюць пытанне аб закрыцці ўсіх пунктаў пропуска на мяжы Польшчы і Беларусі. Пра гэта паведаміў міністр абароны Польшчы Марыюш Башчак.

Польшча перакіне на мяжу з Беларуссю 10 000 вайскоўцаў. Пры якой умове закрыюць усе памежныя пераходы?
Польская мяжа. Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: tvn24.pl

«Мы перасоўваем войска бліжэй да мяжы з Беларуссю, каб напужаць агрэсара, каб ён не асмеліўся напасці на нас. З 10 тыс. вайскоўцаў 4 тыс. будуць наўпрост аказваць падтрымку памежнай службе, яшчэ 6 тыс. будуць у рэзерве», — сказаў Блашчак.

Акрамя гэтага, ён сказаў, што ў выпадку паўтору правакацый [парушэнне беларускімі верталётамі паветранай прасторы Польшчы — Hrodna.life], Польшча разглядае пытанне аб закрыцці ўсіх памежных пераходаў з Беларуссю.

Польшча спекулюе на прысутнасці ПВК «Вагнер» у Беларусі?

«Беспадстаўна спекулючы на прысутнасці ў Беларусі ПВК „Вагнер“, Польшча перакінула два ўзмоцненых механізаваных батальёна ў памежныя раёны», — сказаў Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч.

Паводле яго словаў, Літва таксама плануе павялічыць свой вайсковы кантынгент. «Нядаўна Вільнюс заявіў аб працягненні тэрміна прысутнасці амерыканскіх падраздзяленняў на сваёй тэрыторыі да 2025 года. Толькі за апошнія два месяцы на тэрыторыі Літвы і Латвіі праведзена больш за 10 навучанняў з удзелам войскаў НАТА. Безумоўна, гэта ўсё накальвае вайскова-палітычныя абставіны ў рэгіёне».

На мяжу ўжо перакінулі баявыя верталёты

Пра тое, што Польшча ўзмацняе войскі на беларускім кірунку, стала вядома 3 жніўня 2023 года. Баявыя верталёты дзвюх брыгад вайскова-паветраных сілаў перадыслакавалі да мяжы з Беларуссю.

Рашэнне аб перадыслакацыі верталётаў прынялі пасля правакацыі, якая адбылася 1 жніўня 2023 года. Тады два беларускія вайсковыя верталёты парушылі паветраную прастору Польшчы ў раёне Белавежы. Тэхніка заляцела на тэрыторыю Польшчы ўглыб на тры кіламетры. Міністэрства замежных спраў і Міністэрства абароны Беларусі адмаўляюць інцыдэнт.

7 жніўня 2023 года намеснік кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы Мацей Вонсік паведаміў, што памежная служба краіны запрасіла адну тысячу вайскоўцаў для ўзмацнення мяжы з Беларуссю. Таксама ён паведаміў, што на мяжы нарастае агрэсія супраць афіцэраў польскай памежнай службы з боку мігрантаў, якія спрабуюць незаконна прарвацца ў Еўрапейскі саюз.

Чытайце таксама: Літва закрые два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю