Беларускія дыпламатычныя місіі больш не будуць выдаваць, мяняць пашпарты ці працягваць іх тэрмін беларусам, якія пастаянна жывуць за мяжой. Гэта вынікае з указа Лукашэнкі, апублікаванага на ягоным афіцыйным сайце.

UPD. 6 верасня ўказ апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Ён пачне дзейнічаць з 00.00 7 верасня.

Раней працягнуць тэрмін дзеяння пашпарта, атрымаць або абмяняць яго можна было ў беларускім пасольстве ці консульстве за мяжой. Зараз гэта магчыма толькі ў органах унутраных спраў па месцы апошняй рэгістрацыі па месцы жыхарства, заўважыла «Зеркало».

Тых, чые дакументы аб атрыманні новага пашпарта за мяжой ужо знаходзяцца на разглядзе, гэта не тычыцца — парадак разгляду не мяняецца.

Выдачу і абмен біяметрычнага пашпарта грамадзяніну, які пастаянна пражывае за межамі Беларусі, будзе ажыццяўляць орган унутраных спраў або Міністэрства замежных спраў. Дыпламатычнае прадстаўніцтва ці консульская ўстанова гэта зрабіць не зможа.

Ва ўрада ёсць тры месяцы, каб прывесці нарматыўныя прававыя акты ў адпаведнасць з новым указам і прыняць іншыя меры па яго рэалізацыі. Указ набудзе моц пасля афіцыйнага апублікавання на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Чытайце таксама: «Адмова ў консульскіх паслугах закране сотні тысяч беларусаў». Што нясе новы ўказ аб дыппрадстаўніцтвах, і што рабіць?

Што можна будзе зрабіць у консульствах і пасольствах

Толькі пры асабістым звароце або на падставе даверанасці, аформленай на тэрыторыі Беларусі, можна будзе аформіць угоды з маёмасцю і выканаць некаторыя адміністрацыйныя працэдуры:

  • прыняцце рашэння аб дазволе адчужэння жылога памяшкання, долі (долей) у праве ўласнасці на яго, набытых з выкарыстаннем сродкаў сямейнага капіталу;
  • прыняцце рашэння аб прызначэнні сямейнага капіталу;
  • прыняцце рашэння аб датэрміновым распараджэнні сродкамі сямейнага капіталу;
  • прыняцце рашэння аб распараджэнні сродкамі сямейнага капіталу пасля заканчэння 18 гадоў з даты нараджэння дзіцяці, у сувязі з нараджэннем (усынаўленнем, удачарэннем) якога сям’я набыла права на прызначэнне сямейнага капіталу;
  • выдача паўторнага пасведчання аб рэгістрацыі акта грамадзянскага стану, за выключэннем выдачы паўторнага пасведчання аб смерці;
  • выдача даведак, якія змяшчаюць звесткі з запісаў актаў грамадзянскага стану (аб запісе акта грамадзянскага стану, аб адсутнасці запісу акта аб заключэнні шлюбу), і паведамленняў аб адсутнасці запісу акта грамадзянскага стану, за выключэннем даведак, якія змяшчаюць звесткі з запісаў актаў аб смерці;
  • выдача дублікатаў дакумента аб адукацыі, дадатку да яго, дакумента аб навучанні;
  • рэгістрацыя па месцы жыхарства (па месцы знаходжання) грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь;
  • выдача пропуску на права пазачарговага ўезду на тэрыторыю аўтадарожных пунктаў пропуску праз Дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь;
  • дзяржаўная рэгістрацыя транспартных сродкаў (за выключэннем колавых трактароў, прычэпаў, паўпрычэпаў да іх);
  • зняцце з уліку транспартных сродкаў;
  • прастаўленне апастыля на афіцыйным дакуменце, складзеным на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, пры звароце асобы, якая знаходзіцца ў Рэспубліцы Беларусь;
  • легалізацыя афіцыйнага дакумента ў Рэспубліцы Беларусь;
  • дзяржаўная рэгістрацыя ў адносінах: зямельных участкаў; жылога дома або ізаляванага жылога памяшкання; капітальнага будынка,
  • незавершанага закансерваванага капітальнага збудавання, ізаляванага памяшкання, машына-месца; эксплуатаванага капітальнага будынка, эксплуатаванага ізаляванага памяшкання або машына-месца.

У замежных установах Беларусі супрацоўнікі дыпмісій змогуць:

  • сведчыць завяшчанні;
  • сведчыць згоды, адмовы;
  • сведчыць вернасць копій дакументаў і выпісак з дакументаў;
  • сведчыць сапраўднасць подпісу на дакументах;
  • сведчыць пра вернасць перакладу дакументаў з адной мовы на другую;
  • сведчыць факт знаходжання грамадзяніна ў жывых;
  • сведчыць факт знаходжання грамадзяніна ў пэўным месцы;
  • сведчыць тоеснасць грамадзяніна з асобай, выяўленай на фатаграфіі;
  • сведчыць час прад’яўлення дакументаў;
  • выдаваць дублікаты натарыяльных дакументаў, экзэмпляры якіх ёсць на захоўванні ў дыпламатычных прадстаўніцтвах і консульскіх установах Рэспублікі Беларусь;
  • сведчыць даверанасці зацікаўленых асоб, якія з’яўляюцца работнікамі дыпламатычных прадстаўніцтваў, консульскіх устаноў або гандлёвых прадстаўніцтваў Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікамі дзяржаўных органаў, і членаў іх сямей, іншых асоб, пералік якіх вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, а таксама адмену такіх даверанасцяў.

Чытайце таксама: Польша снова начала принимать документы на туристические визы