Праз Гродзенскі абласны суд ліквідуюць грамадскую арганізацыю «Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых» (YMCA). Пасяджэнне пройдзе 18 верасня. Арганізацыя працавала ў розных гарадах Беларусі і займалася развіццём здаровага ладу жыцця.

Ісцец — Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Суддзя — Святлана Даўгашэй.

UPD 10 кастрычніка. Грамадская арганізацыя «Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых» знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі па рашэнні Гродзенскага абласнога суда ад 4 кастрычніка.

«Дарагія сябры! Мы вымушаныя закрываць нашыя групы і старонкі ў сацсетках у сувязі з рашэннем аб ліквідацыі арганізацыі. <…> Нам вельмі шкада, што ўсё гэта адбываецца. Мы ўдзячныя кожнаму члену і валанцёру арганізацыі за вялікі ўклад у развіццё маладзёжнага руху і цэнім кожны момант, перажыты разам. Гэта былі цудоўныя гады з выдатнымі людзьмі. Дзякуй вам, і мы спадзяемся на лепшую будучыню!», — напісалі ў суполцы арганізацыі «ВКонтакте».

YMCA — гэта некамерцыйная грамадская арганізацыя, даступная для людзей усіх веравызнанняў, нацыянальнасцяў, узростаў і сацыяльнага становішча. Заснавана ў Лондане ў 1844 годзе Джорджам Вільямсам, налічвае каля 45 млн удзельнікаў у больш чым 130 краінах свету. Стала вядомая дзякуючы арганізацыі дзіцячых лагераў.

У Беларусі YMCA пачала сваю дзейнасць у 1995 годзе, а ў 2000 была афіцыйна зарэгістраваная. Яе мэта — усебаковае развіццё членаў арганізацыі і клопат пра здаровы лад жыцця. Арганізацыі праводзіла фестывалі, арганізоўвала лагеры для дзяцей, адукацыйныя курсы.

Цяпер сайт арганізацыі ў Беларусі недаступны, супольнасці ВКонтакте і ў Facebook не абнаўляліся больш за год.

Арганізацыі прысвяціў публікацыю адыёзны прапагандыст «СБ. Беларусь сегодня» Андрэй Мукавозчык. Там членаў праўлення арганізацыі назвалі «БЧБшнікамі, ятутбайкамі, байсолаўцамі і явыхадзілкамі».

Чытайце таксама: