КДБ Беларусі 11 верасня адсправаздачыўся аб затрыманні пяці беларусаў і аднаго ўкраінца, якія нібыта працавалі на СБУ (Служба бяспекі Украіны) і планавалі падрывы на чыгунцы. Сярод іх — два гродзенцы, якіх заключылі пад варту ў СІЗА КДБ. Адзін з іх папрасіў аб вышэйшай меры пакарання для сябе.

Двое жыхароў Гродна пад кіраўніцтвам грамадзяніна Украіны Івана Ліхалата нібыта спрабавалі падарваць чыгунку ў Талачынскім раёне, паведамляе БЕЛТА.

Украінскі «куратар» нарадзіўся ў 1992 годзе ў Хмяльніцкай вобласці. З 2012 па 2013 ён праходзіў службу ў разведвальных падраздзяленнях Узброеных Сіл Украіны. У 2013 годзе Ліхалат перабраўся ў Беларусь, ажаніўся на беларусцы, выхоўваў трох непаўналетніх дзяцей. А ў студзені 2023 года, паводле версіі сілавікоў, Ліхалат выйшаў на сувязь з СБУ. Яму нібыта даручылі падарваць чыгуначныя шляхі, па якіх нібыта павінна была прайсці ваенная тэхніка.

Для падрыхтоўкі да тэракту Іван Ліхалат прыцягнуў двух жыхароў Гродна — Івана Бародзіча і Барыса Пухальскага. Абодва валодалі прафесійнымі навыкамі мінна-выбуховага справы. Па словах сілавікоў, Пухальскі выходзіў на сувязь з СБУ, каб ваяваць на баку Украіны, але атрымаў адмову. Маўляў, ягоныя навыкі падрыўніка спатрэбяцца ў «тэрарыстычных акцыях» у Беларусі.

Мяркуючы па сацсетках, у Івана ёсць дзве сястры, адна з іх жыве ва Украіне і падтрымлівае ВСУ. Барыс Пухальскі служыў у войску. Яму 48 гадоў. Любіць гурт Dzieciuki і песні пра вікінгаў. Івана Бародзіча знайсці ў сацсетках не ўдалося.

Зарплата ад СБУ

Першапачаткова яны нібыта выконвалі выведвальныя задачы. Збіралі звесткі аб перамяшчэнні вайсковай тэхнікі, наяўнасці расійскіх войскаў на тэрыторыі беларускіх частак, размяшчэнні ЗРК. За сваю працу атрымалі ад СБУ € 500 і $ 600. Потым у Кобрынскім раёне Пухальскі забраў з тайніка выбуховае прыстасаванне, якое перавёз у Талачынскі раён для падрыву чыгункі. Там 4 верасня яго затрымалі. Канфіскавалі выбуховае рэчыва гексаген масай 1 кг, правады, дэтанатар і магніт для мацавання выбухоўкі да рэек. У Гродне затрымалі Ліхалата і Бародзіча.

Цяпер усе трое знаходзяцца ў СІЗА КДБ, дзе даюць прызнальныя паказанні. «Не прашу ніякай ласкі, прашу прысудзіць мяне да вышэйшай меры», — заявіў Пухальскі. Яго словы прыводзіць БЕЛТА.

Затрымалі шэсць чалавек

Таксама за падобныя нібыта спробы падрыву затрыманыя Павел Вабішчэвіч, Андрэй Зіненка і грамадзянін Украіны Вячаслаў «Мангуст» Бародзій. У некаторых затрыманых у фільме АНТ «Бесы террора» — сінякі на твары і бруд на вопратцы.

Побои на лице задержанного
Пабоі на твары затрыманага. Скрыншот з сайта АНТ

«Акрамя відавочных мэтаў, якія выяўляюцца ў спробах дэстабілізацыі грамадскага парадку ў нашай краіне і застрашвання нашых грамадзян, украінскія спецслужбы пераследуюць другасную мэту. У прыватнасці, гаворка ідзе пра спробу стварэння бачнасці наяўнасці ў нашай краіне нейкага арганізаванага падполля. Іншымі словамі, добра падрыхтаваных агентаў-тэрарыстаў, здольных весці тут партызанскую вайну. Але гэта не так», — патлумачыў намеснік начальніка следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак.

СБУ, паводле версіі сілавікоў, выкарыстоўвае беларусаў, якія «не ўладкаваныя ў жыцці»: беспрацоўныя, злоўжываюць спіртным, разведзеныя ці не жанатыя, прытрымліваюцца «дэструктыўных поглядаў».

Тэракты КДБ звязвае з вучэннямі АДКБ, якія нядаўна прайшлі ў Беларусі.

Чытайце таксама: