Навіны

«З улікам зменаў ідэалогіі». У школах ладзяць ператрусы і забараняюць карыстацца старымі падручнікамі

Новы навучальны год пачалі з таго, што прыбралі старыя падручнікі і дапаможнікі з навучальных кабінетаў і школьных бібліятэк — з улікам зменаў у дзяржаўнай ідэалогіі. З класаў замежных моваў у школах прыбралі згадкі пра іншыя краіны. Гэта зрабілі на загад Лукашэнкі, патлумачыў міністр інфармацыі.

Абнавіць падручнікі ў Беларусі павінны да 2027 года, папярэджваў міністр адукацыі Андрэй Іванец у пачатку навучальнага года. «Такую ​​амбіцыйную задачу мы перад сабой ставім для таго, каб усе навучальныя выданні, якія мы будзем перавыдаваць, былі максімальна набліжаны да таго ідэалу, які быў у савецкі час», — заявіў ён.

Але працэс пачалі ўжо цяпер, піша «Радыё Свабода». У школы прыходзяць дэлегацыі з чыноўнікаў, якія расказваюць, што і як трэба змяняць.

Падручнікі - у макулатуру

У адной са школ абласнога цэнтру пасля такой нечаканай праверкі з Міністэрства адукацыі ў шоку былі нават настаўнікі, якія падтрымліваюць уладу. Чыноўнікі загадалі вынесці ў падсобнае памяшканне і пасля здаць у макулятуру ўсе старыя падручнікі і дапаможнікі, расказала адна з настаўніц. Гэта тычылася не толькі падручнікаў па гісторыі, якія «пачысцілі» раней. Гэтым разам — і падручнікам замежных моваў.

«Наогул усе прадметы! І з кабінетаў, і з бібліятэкі», — абурылася настаўніца. «Ператрус» ладзілі нават у кабінетах настаўнікаў, якія на той момант адсутнічалі.

Сутнасць у тым, што сярод старых падручнікаў і дапаможнікаў, хрэстаматый было шмат добрых, якімі настаўнікі карысталіся дадаткова і давалі дзецям заданні адтуль. Але правяральнікі сказалі, што настаўнік больш не мае права прынесці і паказваць дзецям на ўроку стары падручнік па любым прадмеце. «Бо раптам там нейкія творы, якіх няма ў праграме».

Вынятыя старыя падручнікі перадаюць у макулатуру. Настаўніца мяркуе, што цікавасць да старых падручнікаў у чыноўнікаў узнікла пасля даручэння Лукашэнкі 18 жніўня.

Чытайце таксама: Замкі руйнаваць не будуць, але назвы вуліц «пачысцяць». Як могуць уніфікаваць гісторыі Беларусі і Расіі

Замежныя мовы «без паглыблення»

Паводле новых рашэнняў, трэба вывучаць замежную мову «без паглыблення ў асяродак». Не павінна быць ніякіх сцягоў, мапаў Вялікай Брытаніі, двухпавярховых аўтобусаў і ўсяго, што нагадвае Каралеўства, расказала настаўніца англійскай мовы ў адной з беларускіх школ. «Сказана вывучаць традыцыі, культуру Беларусі — але на англійскай мове!»

Таксама чыноўнікі загадалі на ўроках англійскай мовы карыстацца толькі беларускімі падручнікамі. Выкарыстанне ў навучальным працэсе падручнікаў і дапаможнікаў без грыфаў «Зацверджана Міністэрствам адукацыі» ці «дапушчана Міністэрствам адукацыі» катэгарычна забаронена, папярэджвалі настаўнікаў чыноўнікі.

Адна з настаўніц англійскай выкладае па беларускім падручніку, але штогод яна збірала грошы з бацькоў і замаўляла спецыялізаваныя выданні і сшыткі да іх у Брытаніі. Сёлета яна таксама загадзя заказала падручнікі і сшыткі. Дзеці займаюцца па іх, але цішком.

У гомельскай гімназіі кабінет французскай і саму гімназію «пачысцілі» ад усяго францускага, выяваў Эйфелевай вежы і нават успамінаў пра гэтую краіну, расказала маці адной з вучаніц. Гімназія носіць імя Блеза Паскаля і стаіць на вуліцы Клермон-Феран (французскі горад, пабрацімам Гомеля). Раней яна мела цесныя кантакты з Клермон-Феран. Цяпер усё супрацоўніцтва спынена.

Дазволены толькі падручнікі са спіса

Паводле рэкамендацый, якія перад новым навучальным годам выпусціла Міністэрства адукацыі, сёлета «ў адукацыйным працэсе будуць выкарыстоўвацца падручнікі, уключаныя ў „Пералік вучэбных выданняў, якія прыдатныя для выкарыстання ў бібліятэчных фондах устаноў адукацыі, зацверджаныя міністрам адукацыі“».

У 2023/2024 навучальным годзе мінадукацыі збіраецца рэалізоўваць выхаваўчы патэнцыял прадмету «Замежная мова» і фармаваць ў вучняў «пачуццё патрыятызму, грамадзянскасці і павагі да гістарычнай мінуўшчыны».

Сёлета да новага навучальна года выдалі 24 падручнікі, яшчэ пяць збіраюцца выдаць да лістапада.

Летам беларускія і расійскія ўлады анансавалі сумесную працу над «правільнай» версіяй гісторыі. У дзвюх краінах плануюць стварыць агульную версію мінулага, праслаўляць агульных герояў і гістарычныя падзеі.

Чытайце таксама: «Адкаціліся на 30 гадоў назад». Што здарылася з польскамоўнай адукацыяй на Гродзеншчыне?

Падзяліцца

Апошнія запісы

Новы экстрым у Гродне: каля гандлёвага цэнтра катаюць на дрыфт-трайках

Частку ўнутранай паркоўкі гандлёвага цэнтра OldCity аддалі пад арэнду дрыфт-трайкаў. Пакатацца за плату зможа любы ахвочы,…

9 мая 2024

Да двух сутак. Як беларусы стаяць у чэргах на мяжы 9 траўня

У пачатку вялікіх выхадных у Беларусі чэргі на мяжы зноў выраслі - на гэты раз…

9 мая 2024

Нешта пайшло не так: у Гродне закрываюць бар VIP, які толькі адкрыўся

У Гродне закрываецца "VIP bar" на Дзяржынскага, 8А - не прапрацаваўшы і двух месяцаў. Ён…

9 мая 2024

Краму «АвтоЗапчасти» ў Гродне зноў хочуць збанкруціць. Гаспадар скардзіўся на АМАП

Фірму-уладальніка крамы "АвтоЗапчасти" ў Гродне, ТАА "Рукша", зноў хочуць збанкруціць. Банкруцтва хочуць прызнаць праз эканамічны…

8 мая 2024

На літоўска-беларускай мяжы затрымалі два Tesla Cybertruck: падазраюць, што іх везлі ў Расію

Два новенькія электрычныя пікапы Tesla Cybertruck 2023 года выпуску затрымалі літоўскія мытнікі 7 траўня ў…

8 мая 2024

Пад Беняконямі можна набыць запраўку і гатэль. Прадавец нечаканы — «Беларускае марское параходства»

Будынак запраўкі “Газпрамнафты”, а таксама матэль і кафэ ля самай беларуска-літоўскай мяжы прадаюць з аўкцыёну.…

8 мая 2024