На мінулым тыдні стала вядома пра затрыманні на яшчэ адным прадпрыемстве ў Лідзе. У яшчэ адной структуры — затрыманні і звальненні. Горад ужо месяц знаходзіцца пад узмоцненай увагай сілавікоў.

На Лідскім прадпрыемстве «Конус» праваахоўнікі затрымалі некалькі супрацоўнікаў за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Пра гэта паведаміў Telegram-канал «Гродненские сливы». Аўтар паста адзначыў, што на заводзе гарачага цынкавання адзін з самых вялікіх заробкаў у горадзе.

Іншы канал паведаміў пра рэпрэсіі і звальненні ў Лідскай ЖКГ. 28 верасня ў дарожна-эксплуатацыйнай вытворчасці ЖКГ затрымалі блізу сямі мужчын 40−45 гадоў. Прычынай сталі «экстрэмісцкія» пасты і каментары ў сацсетках. Пасля затрымання паступіў загад іх звольніць, паведамляе Telegram-канал «Задержания, суды в Лиде».

Акрамя гэтага, да заканчэння кантракту звольнілі трох праграмістаў і майстра. Канал мяркуе, што зверху прыйшоў спіс. Каб звольніцца па ўласным жаданні, трэба загадзя папярэдзіць кіраўніцтва і знайсці сабе замену. Яна павінна быць лаяльная да рэжыму і не «засвечаная».

Дзе ў Лідзе прайшлі затрыманні?

  • На фестывалі LIDBEER — затрымалі двух мужчын за крыкі «Жыве Беларусь!».
  • «Лідахлебапрадукт» — 6 верасня масавыя затрыманні рабочых за падпіскі і распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.
  • На «Лакафарбе» затрымалі шэсць чалавек. 7 верасня іх выпусцілі са штрафамі як мінімум 10 базавых.
  • На «Лідсельмашы» 15 верасня прайшлі затрыманні за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у сацсетках. Некаторыя з затрыманых удзельнічалі ў пратэстах у 2020 годзе.
  • Неназванае прыватнае прадпрыемства. Там затрымалі супрацоўніка і начальніка затрыманага, які працуе майстрам і папярэдзіў падначаленага, што за ім могуць прыйсці.
  • На прадпрыемстве «Белтэкс Оптык» 21−22 верасня таксама былі затрыманні.
  • «Лакафарба» — затрыманні 22 верасня.
  • На Лідскай ЖКГ, у тым ліку ў дарожна-эксплуатацыйнай вытворчасці, прайшлі затрыманні — затрымалі бухгалтара.

Акрамя гэтага, праходзілі «нецэнтралізаваныя» затрыманні.

Чытайце таксама: У Гродзенскім рэгіёне ідуць зачысткі: што кажуць эксперты аб масавых затрыманнях у райцэнтрах