Падраздзяленні МНС Гродзенскай вобласці больш за 50 разоў выязджалі на ўборку дрэваў, якія ўпалі, у выхадныя 7−8 кастрычніка. Занятыя рамонтамі былі і аварыйныя брыгады электрасетак. Прычынай аварый былі парывы ветру, якія дасягалі 24 м/с.

У Гродне выратавальнікі распілоўвалі дрэвы, якія ўпалі ў дварах і на праезную частку па вуліцах Камарова, Шчорса, Панямуньскай, Суворава і Томіна. У Астравецкім раёне паваленае дрэва пашкодзіла прыпаркаваны аўтамабіль.

Падаючыя дрэвы і галіны парушалі электразабеспячэнне ў 275 населеных пунктах ва ўсіх 17 раёнах вобласці. Аднаўлялі яго аварыйныя брыгады электрасетак.

Ветранае надвор’е захавалася ў Гродзенскай вобласці і агулам у Беларусі і 8 кастрычніка. На Гродзеншчыне зафіксавалі 41 дрэва, якое ўпала. Адно з іх пашкодзіла аўтамабіль.

Паводле звестак «Белэнерга», 8 кастрычніка ў Гродзенскай вобласці моцны вецер парушаў электразабеспячэнне 188 населеных пунктаў. Па стане на 06.00 9 кастрычніка без электразабеспячэння заставаліся 8 населеных пунктаў Гродзенскай вобласці.

У Гродзенскай, Мінскай і Віцебскай абласцях электрасеткі пацярпелі ад ветру больш за ўсё, расказалі ў «Белэнерга».

Ніхто з людзей ад ветра 7−8 кастрычніка не пацярпеў. Паводле інфармацыі «Гроднаэнерга», аранжавы ўзровень небяспекі захоўваецца ў Беларусі і 9 кастрычніка. Вецер будзе дасягаць 15−20 м/с.

Што рабіць пры моцным ветры

МНС нагадвае, што ў выпадку шквалістага ўзмацнення ветру трэба:

  • шчыльна зачыніць вокны і дзверы,
  • з двара, адкрытых балконаў і лоджый прыбраць гаспадарчыя рэчы, якія могуць нанесці шкоду жыллю,
  • машыну паставіць у гараж ці прыпаркаваць далей ад дрэў і слаба ўмацаваных канструкцый,
  • знаходзячыся на вуліцы, абыходзіць навясныя збудаванні, надламаныя галінкі дрэў і лініі электраперадач,
  • устрымацца ад паездак на асабістых аўтамабілях і працяглага знаходжання на вуліцы.

У выпадку ўзнікнення пагрозы для жыцця або здароўя паведамляйце пра гэта ў службу выратавання па тэлефонах 101 ці 112.