Мноства божых каровак пачалі заўважаць жыхары Гродзеншчыны і іншых гарадоў Беларусі 14 кастрычніка. У TikTok з’яўляюцца відэа, дзе сотні і тысячы казурак абляпляюць машыны і дамы.

У апошнія цёплыя дні кастрычніка божыя кароўкі сталі цэлымі хмарамі з’яўляцца ў розных месцах Беларусі. У Гродзенскай вобласці пра нашэсце каровак паведамлялі ў Лідзе, Шчучынскім раёне, Астраўцы, Смаргоні і іншых месцах.

Відэа з TikTok ад карыстальнікаў з Гродзенскай вобласці


Гэта не новая з’ява — падобнае можна было назіраць і ў мінулыя гады, магчыма, у меншым маштабе ў верасні або кастрычніку. Божыя кароўкі у гэты час шукаюць месца, дзе змогуць перазімаваць, напрыклад шчыліны ў дамах.

Зімуюць божыя кароўкі вялікім групамі, шчыльна прытуліўшыся адна да адной, каб перажыць маразы. Жывуць казуркі ад некалькіх месяцаў да года, у рэдкіх выпадках божая кароўка можа пражыць да двух гадоў.