У вёсцы Вялікая Рагозніца (Мастоўскі раён) адрамантавалі сядзібу XVIII стагоддзя. У ім спыняўся апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, паведаміла «Звязда».

Калгас імя Міцкевіча адрамантаваў сядзібу XVIII стагоддзя, дзе спыняўся кароль Панятоўскі
Сядзіба ў Вялікай Рагозніцы. Крыніца: zviazda.by

Працы па рамонце сядзібы амаль скончаны. На чарзе рэканструкцыя гаспадарчай пабудовы і прысядзібнай тэрыторыі, дзе раней быў парк.

Што гэта за калгас імя Міцкевіча?

Сядзіба належыць камунальнаму сельскагаспадарчаму ўнітарнаму прадпрыемству імя Адама Міцкевіча. Яно і правяло рамонт будынка.

«Мы правялі даволі істотны рамонт. Адрамантавалі фасад і дах, падабралі адпаведную каларыстыку. Таксама адрамантавалі ўязныя калоны. Яшчэ трэба адмостку зрабіць і прывесці ў належны выгляд будынак ля сядзібы. У перспектыве пачысцім увесь участак, ёсць намер пасадзіць сад, пладовыя дрэвы. Дзякуючы рэнтабельнасці гаспадаркі ўсе работы вядзём за ўласныя сродкі», — сказаў дырэктар КСУП імя Адама Міцкевіча Уладзімір Пісарэвіч.

Камунальнае прадпрыемства, а раней калгас, носіць імя Адама Міцкевіча з моманту стварэння ў 1951 годзе. Гэта нетыпова, бо звычайна калгасы называлі ў гонар расійскіх або савецкіх герояў: напрыклад, калгас імя Суворава ці калгас «Шлях Леніна». Сёння былы калгас стараецца быць у трэндах: мае сучасны сайт і нават вядзе TikTok.

Будынак «утапілі» ў пластыку

У 2019 годзе сядзібу наведаў блогер Улад Рудакоў. Ён заўважыў, што хаця вонкава палац у неблагім стане, унутры сядзібы драўляныя дзверы, нішы ў сценах, а таксама зводы на столях зашылі сайдынгам. Акрамя гэтага, вокны будынка замянілі на пластыкавыя.

«Высокія дзверы? Нішы ў сценах? Зводы на столях? Не цікава. Вось сайдынг — гэта сапраўды прыгожа! Калідоры, дарэчы, „добраўпарадкаваныя“ па такім жа прынцыпе», — напісаў блогер.

Рамонт 2023 года, як выглядае, сітуацыю не змяніў. Вонкава ў палаца тыя ж колеры, вокны засталіся пластыкавымі, змяніўся толькі дах — шыфер замянілі на металадахоўку.

Уладальнікі сядзібы ўдзельнічалі ў паўстаннях

Аднапавярховую сядзібу ў стылі класіцызму ў 1791 годзе пабудаваў Антоній Сухадольскі. Потым сядзіба перайшла ва ўладанне яго сына Яна, які ў 1794 годзе ўдзельнічаў у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі. Вядома, што ў маёнтку гасцяваў апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

Калгас імя Міцкевіча адрамантаваў сядзібу XVIII стагоддзя, дзе спыняўся кароль Панятоўскі
Сядзіба ў Вялікай Рагозніцы да рамонта. Фота: Уладзіслаў Рудакоў

Наступны уладальнік сядзібы — сям’я Шабанскіх. Гаспадаў маёнтка ўдзельнічаў у паўстанні 1863−1864 гадоў і загінуў у бітве з казакамі. Апошні ўладальнік — Оскар Мейштовіч, які валодаў землямі Рагозніцы да 1940-х гадоў. У 1934 годзе ў маёнтку нарадзіўся граф Аляксандр Прушынскі (унук Оскара Мейштовіча) — грамадскі дзеяч і журналіст, які балатаваўся на пост прэзідэнта Беларусі ў 1994 годзе.

У савецкі перыяд сядзібу перабудоўвалі. Нягледзячы на гэта, фасад і ўяздная брама знаходзяцца ў задавальняючым стане.

Чытайце таксама: У Шчорсах прадаюць частку былога маёнтка Храптовічаў. Цану знізілі ў 270 разоў