У Гродзенскі гарадскі цэнтр культуры прызначылі новага кіраўніка. Ім стаў 29-гадовы Ілля Хоцім, паведаміў «Гродна Плюс».

Раней Ілля Хоцім быў намеснікам дырэктара па выхаваўчай працы сярэдняй школы № 38. Па адукацыі новы кіраўнік гарадскога цэнтра культуры — гісторык. Ён скончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.

Гісторык замяніў міліцыянта на пасадзе кіраўніка Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры
Ілля Хоцім і старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Хмель. Фота: «Гродна Плюс»

Хто раней кіраваў цэнтрам культуры

Папярэднік Хоціма — экс-палкоўнік Уладзімір Сацюк. Да прызначэння на пасаду кіраўніка Гродзенскай гарадскога цэнтра культуры ў 2019 годзе ён працаваў намеснікам начальніка Упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама — начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі.

Чытайце таксама: Палкоўнік, які ўзначаліў цэнтр культуры, расказаў пра збітую жанчыну і першыя крокі на новай пасадзе

У кастрычніку 2017 года Сацюк на асабістым аўто збіў жыхарку Бяроўзаўкі Лідскага раёна. Тады ў афіцыйных зводках гэтая інфармацыя з’явілася толькі праз пяць дзён. У адстаўку Сацюк сышоў па выслузе гадоў у 2018 годзе.

У кастрычніку 2022 года Сацюк заняў пасаду кіраўніка аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага гарвыканкама. Пасада кіраўніка Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры была вольнай больш за год.