У акцыі «Вера ў цуд» бяруць удзел 16 дзіцячых сацыяльных устаноў Беларусі. Гэта 680 дзяцей з дамоў малюткі, дамоў інтэрнатаў, дамоў дзяцей. Агульная сума падарункаў - амаль 50 000 рублёў.

Цэнтр дапамогі "Вера" збірае грошы на навагоднія падарункі для дзяцей-сірот
Падапечныя Цэнтра дапамогі «Вера». Крыніца: с-vera.by

У 2023 годзе акцыя змяніла фармат. Калі раней падарункі дарылі індывідуальна кожнаму дзіцяці, то сёлета адкрыты збор на адзін значны прадмет у сацыяльную ўстанову.

Як адзначыла дырэктар Цэнтра дапамогі «Вера» Антаніна Місюкевіч, акцыя стала рэспубліканскай, вырасла колькасць удзельнікаў.

«Хтосьці звяртаецца з просьбай да Дзеда Мароза падарыць дзецям душавую кабіну, кантролер для кіравання поглядам, каб рабяты з цяжкімі дыягназамі, якія не размаўляюць, маглі камунікаваць. Яшчэ адно жаданне ад выхаванцаў дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў - гэта спецыялізаваная інвалідная калыска. У іншым лісце просяць бескаркасныя крэслы, шарыкавы басейн для раслаблення, столік для малявання пяском. Гэтыя падарункі не толькі прынясуць радасць дзецям, але і будуць дапамагаць ім у развіцці, навучанні і жыцці», — сказала Місюкевіч.

Як паўдзельнічаць?

На сайце цэнтра размешчана 17 ёлачных шароў, кожны з якіх і ёсць навагодняе жаданне дзяцей. Клікнуўшы на шар, вы зможаце прачытаць ліст і выбраць падарунак, які вам бліжэй, а затым перавесці грошы. Цэнтр звяртае ўвагу: пры пералічэнні сродкаў неабходна абавязкова пазначыць нумар шара, якому прысвоены ліст ўстановы. Калі вызначыцца з лістом складана, можна ўнесці ахвяраванне з агульным прызначэннем плацяжу «Вера ў цуд». Гэтыя сродкі цэнтр зможа накіраваць той установе, для якой да заканчэння акцыі будзе сабрана менш за ўсё сродкаў.

Для кожнай сацыяльнай установы вызначылі максімальную суму ахвяравання — да 3000 рублёў. На падарункі для ўсіх удзельнікаў акцыі цэнтру неабходна сабраць каля 50 000 рублёў.

«Любая сума дапамогі - гэта ваш уклад у выкананне чыйсці мары. Напярэдадні Новага года сабраныя грашовыя сродкі на падарункі для дзяцей будуць пераведзены на рахункі ўстаноў, а каманда цэнтра разам з навагоднімі героямі і салодкімі падарункамі адправіцца сустрэцца з аўтарамі лістоў», — напісана на сайце ўстановы.