Гандлёвы дом «Нёман» на вуліцы Савецкай у канцы лістапада 2023 года перайменавалі. Замест надпісу «Нёман» на ім размясцілі абрэвіятуру ЦУМ. Некаторыя гродзенцы станоўча паставіліся да зменаў, а некаторыя палічылі гэта «саўком» і «вельмі кепскай» назвай. Hrodna.life паглядзеў, што думаюць гродзенцы пра змену назвы ўнівермага.

“Назва – апошняе, што трэба было змяняць”. Што гродзенцы думаюць пра перайменаванне “Нёмана” ў ЦУМ
Вывеска «ЦУМ» на будынку ўнівермага. Крыніца: grodnoplus

На старонцы гродзенскага ўнівермага ў Instagram патлумачылі, чаму абралі такую назву. «Часам крыўдна чытаць гнеўныя каментары, калі ты ўкладаеш душу ў праект. Таму вялікая просьба падтрымаць нас», — папрасілі яны ў падпісчыкаў. Раней сам профіль таксама змяніў назву з «tdneman» на «tsum.grodno» і колеравую гаму з блакітнай на зялёную.

Як новыя ўладальнікі тлумачаць перайменаванне

  1. Гандлёвы цэнтр стане новым, іншым, дадасца каворкінг, новыя арандатары, прастора для дзяцей, гэта ўжо не будзе той стары «Нёман».
  2. Гістарычная і першая назва аб’екта — універмаг, што і хаваецца ў назве ЦУМ (Цэнтральны ўніверсальны магазін). Крама знаходзіцца ў гістарычным цэнтры Гродна, таму яе лагічна называць цэнтральнай.
  3. Дызайн-праект унутранай аддзелкі і канцэпцыя адпавядае ўжо рэалізаванаму праекту ў Брэсце — то бок захоўваецца адзінства брэнда ЦУМ у розных кропках Беларусі.

«Мы разумеем, што многім сумна губляць памяць з мінулым, верагодна, у 1995 годзе, калі ўнівермаг па рашэнні новых уладальнікаў стаў „Нёманам“, былі тыя, хто быў супраць, — напісалі на старонцы ЦУМ у Instagram. — У Гродне нашая мэта — таксама стварыць сучасны функцыянальны і зручны ГЦ [гандлёвы цэнтр — Hrodna.life], прастору для вас, а не ваяваць за назву».

Што пра новую назву думаюць гродзенцы

Супраць: савок, каланіяльна, абязлічана

«Жах. Навошта гэта савок з ЦУМам?», — напісаў у каментарах карыстальнік raslkulevich. Тут і ніжэй пунктуацыя захаваная.

«„ЦУМ“ — гэта вельмі кепска. Абязлічана, правінцыйна, каланіяльна. Можа быць, калі так шмат гнеўных каментароў, варта прыслухацца да жыхароў горада, у які прыходзіш? Назва — гэта апошняе, што трэба было змяняць у гэтым ГЦ», — напісала карыстальніца svekimova.

«Можна змяніць канцэпцыю, напоўніць прастору іншай атмасферай, і будзе выдатны гандлёвы цэнтр. І для паспяховасці гэтага цэнтра няма неабходнасці мяняць назву. ЦУМ — безаблічная савецкая абрэвіятура», — напісала inna_zhavoronok.

«Гэта не брэнд, а нейкая абязлічаная назва. ЦУМаў паўсюль хапае, а ЦУМ Нёман будзе адзін», — напісаў mebius969.

«Была вельмі прыгожая назва. Сімвалічна. Навошта нешта змяняць. Новадзелы», — напісала rina__iren___.

«Толькі Нёман, толькі Гродна!» — напісаў карыстальнік yu_kartashova0910

За: быў і застанецца ўнівермагам, «Нёманам» ніколі не называлі

«Для мяне, як і для майго пакалення 80-х ён быў … ёсць… і застаецца — УНІВЕРМАГ!», — напісала belshveika.

«Мы заўсёды так і называлі - універмаг! Ну як сказаць сяброўцы: сустрэнемся ў Нёмане?» заўсёды ва ўнівермагу!))", — напісала irinia_master_uh.

«Хто па-савецкі думае, таму і падаецца, што гэта савецкая назва з мінулага. Як па мне ЦУМ — цалкам лаканічна, коратка і зразумела што гэта і дзе гэта. Нікому не патрэбна будзе ўдакладняць куды на спатканне ісці», — напісала irina_shept.

«Якая розніца якая назва. Проста зрабіце ўсё добра, з душой», — напісаў seregakukla.

«Рабята, падтрымліваю вас, для мяне гэта быў заўсёды УНІВЕРМАГ, а Нёман ні разу яго не называла, нават язык не паварочваецца…», — напісала anjuta_sytaia. — Да хоць Калізей яго назавіце, усё роўна знойдуцца тыя, хто будзе крытыкаваць… Але назва гэта не самае галоўнае (да любога людзі звыкнуцца)… Галоўнае НАПАЎНЕННЕ".

«Дайце гандлёваму аб’екту новае жыццё. ГД „Нёман“ заўсёды рэзала слых. ЦУМ больш падабаецца», — напісала si.irinagrodno.

«Апраўдаць можна ўсё, а вось свядомасць людзей змяніць складана…», — напісаў svitanak.grodno.