Навіны

Як культурніцкія прасторы ўплываюць на гарады: слухай у новым выпуску «Утульнага горада»

Сучасны горад — гэта не толькі будынкі, дарогі і людзі паміж імі. Горад — гэта вялізная пляцоўка для культурнай разнастайнасці і творчых эксперыментаў. Праявы гэтых эксперыментаў мы бачым, напрыклад, у песнях вулічных музыкаў на Савецкай вуліцы і ў графіці на старых забудовах па вуліцы Лізы Чайкінай. Аднак ёсць у гарадах месцы, дзе можна эксперыментаваць у інстытуцыялізаванай форме — культурніцкія прасторы. Як такія прасторы функцыянуюць, чым яны адрозніваюцца ад класічных устаноў культуры і чаму важна, каб яны былі ў нашых гарадах, паразмаўлялі з менеджаркай Лізаветай Шалай у падкасце «Утульны горад».

Вы можаце праслухаць размову цалкам у аўдыёверсіі або прачытаць ніжэй у скароце асноўныя тэзісы гэтага выпуска падкаста.

Культурніцкія прасторы ці ўстановы культуры?

У шырокім сэнсе культура — гэта ўсё тое, што створана чалавекам. Значыць і культурніцкімі пляцоўкамі мы можам назваць што заўгодна, што зроблена людзьмі і дзе людзям можна сабрацца. Аднак у культурніцкіх прастор ёсць важная функцыя — магчымасць спажываць культуру і ствараць яе.

Да культурніцкіх прастор можна аднесці класічныя ўстановы: бібліятэкі, музеі, тэатры. Аднак Лізавета Шалай лічыць, што нават гарадскія паркі, дзе збіраюцца людзі пагуляць у шахматы, пабавіць час з дзецьмі, пачытаць кнігі ці заняцца спортам — гэта таксама культурніцкія прасторы, бо гэта ўсё — культура адпачынку.

Ці можна назваць культурніцкімі прасторамі тыя месцы, на фасадзе якіх месціцца шыльда з надпісам «Дзяржаўная ўстанова культуры»? Лізавета лічыць, што культурніцкія прасторы і ўстановы культуры — не тоесныя паняткі.

Народныя дамы, ДК, Цэнтры культуры — самая кароткая гісторыя беларускіх установаў культуры

Прыгадаем гісторыю легендарных «ДК», ці цэнтраў культуры, як называюць іх зараз у Беларусі. У 1890-х гадах у гарадах Расійскай Імперыі з’явіліся продкі сучасных цэнтраў культуры — Народныя дамы. Там звычайна месціліся бібліятэка з чытальняй, тэатральна-лекцыйная зала, нядзельная школа, чайная і кнігарня. Народныя дамы стваралі на сродкі земстваў ці гарадскога самакіравання, або на грошы мецэнатаў.

У новаўтворанай савецкай краіне з 1920 года Народныя дамы пачалі ператвараць у працоўныя клубы і дамы культуры. Функцыя такіх устаноў была не ў тым, каб наведвальнікі і наведвальніцы займаліся там самавыражэннем. Улады хацелі несці ў масы культуру, але культуру, якая адпавядала б савецкай ідэалогіі.

У сучаснай Беларусі ўстановы культуры з большага выглядаюць тым жа чынам. «Зверху» даводзяцца планы мерапрыемстваў, якія трэба арганізоўваць, каб даносіць тую самую «правільную ідэалогію». Аднак час прымушае нават такія аўтарытарныя іерархізаваныя арганізацыі станавіцца больш гнуткімі: інакш людзі лепей пабавяць час у тэлефонах, чым пойдуць на тыя мерапрыемствы.

Чытайце таксама:

Беларускія музеі, бібліятэкі і тэатры з розным поспехам намагаюцца больш уключаць аўдыторыю: вядуць сацыяльныя сеткі, дзе падтрымліваюць кантакт з наведвальнікамі і наведвальніцамі, прыдумляюць інтэрактыўныя імпрэзы, робяць майстар-класы замест класічных лекцый ці доўгіх экскурсій. Змяніць натуральны рух часу можа толькі канчатковае ператварэнне дзяржавы ў закрытую таталітарную сістэму: калі не застанецца іншых шляхоў да творчасці і адпачынку, людзям давядзецца бавіць час нават у такім ідэалагічна афарбаваным асяроддзі.

Навошта гораду культурніцкія прасторы?

Аднак пакуль захоўваюцца недзяржаўныя культурныя пляцоўкі, выставачныя галерэі і прыватныя мастацкія ініцыятывы, вакол іх фармуюцца супольнасці. Людзей аб’ядноўваюць агульныя інтарэсы і каштоўнасці, а разам з аднадумцамі лагічна і проста змяняць асяроддзе навокал.

Арганізаваныя супольнасці пачынаюць задумвацца, напрыклад, каму належыць тэрыторыя вакол іх улюбёнай культурніцкай прасторы. Ці нельга яе таксама ўжываць для сваіх творчых мэтаў? Як трэба яе ўладкаваць, і з кім пра гэта дамаўляцца?

Са з’яўленнем культурных пляцовак горад пакрысе змяняецца: у гараджан і гараджанак з’яўляюцца новыя сацыяльныя сувязі, а вакол саміх пляцовак — «акультураная» гарадская прастора. Суполкі, якія сфармаваліся вакол культурніцкіх прастор, пачынаюць арганізоўваць гарадскія фестывалі, канцэрты ды выставы.

У выніку, усім гараджанам і гараджанкам становіцца весялей жыць, бо з’яўляецца больш прапаноў для якаснага адпачынку, а гарадскі бюджэт напаўняецца ад новай эканамічнай актыўнасці.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Новы экстрым у Гродне: каля гандлёвага цэнтра катаюць на дрыфт-трайках

Частку ўнутранай паркоўкі гандлёвага цэнтра OldCity аддалі пад арэнду дрыфт-трайкаў. Пакатацца за плату зможа любы ахвочы,…

9 мая 2024

Да двух сутак. Як беларусы стаяць у чэргах на мяжы 9 траўня

У пачатку вялікіх выхадных у Беларусі чэргі на мяжы зноў выраслі - на гэты раз…

9 мая 2024

Нешта пайшло не так: у Гродне закрываюць бар VIP, які толькі адкрыўся

У Гродне закрываецца "VIP bar" на Дзяржынскага, 8А - не прапрацаваўшы і двух месяцаў. Ён…

9 мая 2024

Краму «АвтоЗапчасти» ў Гродне зноў хочуць збанкруціць. Гаспадар скардзіўся на АМАП

Фірму-уладальніка крамы "АвтоЗапчасти" ў Гродне, ТАА "Рукша", зноў хочуць збанкруціць. Банкруцтва хочуць прызнаць праз эканамічны…

8 мая 2024

На літоўска-беларускай мяжы затрымалі два Tesla Cybertruck: падазраюць, што іх везлі ў Расію

Два новенькія электрычныя пікапы Tesla Cybertruck 2023 года выпуску затрымалі літоўскія мытнікі 7 траўня ў…

8 мая 2024

Нерухомасць тыдня: двушка ў гістарычным доме для жыцця ў цэнтры або здачы турыстам

У Гродне прадаецца двухпакаёвая кватэра ў гістарычным цэнтры на вул. Гараднічанская, 27. Яна знаходзіцца ў…

8 мая 2024