У снежні ў пунктах пропуску на мяжы Беларусі затрымлівалі за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў». У тым ліку пад увагу сілавікоў патрапілі кіроўцы. Іх судзілі ў судах Воранаўскага і Ашмянскага раёна. Вядома як мінімум аб чатырох такіх пастановах па арт.19.11 КаАП — яны з’явіліся ў банку судовых рашэнняў.

Напрыклад, 15 снежня 2023 года ў судзе Воранаўскага раёна судзілі кіроўцу літоўскай фірмы. З пастановы стала вядома, што ў пункце пропуску «Беняконі» Воранаўскага раёна ў тэлефоне мужчыны знайшлі «экстрэмісцкую інфармацыю» Zerkalo.io у дадатку ВКонтакте. Мужчына прызнаў віну. Яго аштрафавалі на 20 базавых велічынь (740 рублёў) без канфіскацыі тэлефона.

Такое рашэнне вынеслі 6 снежня ў судзе Воранаўскага раёна. Кіроўцу літоўскай фірмы за падпіску на «экстрэмісцкую» суполку УКантакце, аштрафавалі на 20 базавых велічынь (740 рублёў) з канфіскацыяй мабільнага тэлефона.

Беларуса і бацьку малалетняга дзіцяці судзілі за рэпост «экстрэмісцкага» паста ў асабістай гутарцы сябру ў Telegram. Паведамленне таксама знайшлі на тэрыторыі пункта пропуску. Пастанову вынеслі 7 снежня ў судзе Воранаўскага раёна — штраф у 20 базавых велічынь (740 рублёў) без канфіскацыі тэлефона.

Яшчэ аднаго кіроўцу літоўскай фірмы 8 снежня судзілі ў судзе Ашмянскага раёна. За падпіску ў Youtube ён заплаціць 25 базавых велічынь (925 рублёў) і аддасць тэлефон. Яе знайшлі падчас праходжання мяжы ў пункце пропуску «Каменны Лог».

Чытайце таксама: Святы працягваюцца: калі яшчэ чакаць чэргаў на мяжы