Дарогі Беларусі могуць пачаць пасыпаць новай супрацьгалалёднай пясочна-салянай сумессю. Новы кампанент для яе распрацавалі навукоўцы Нацыянальнай акадэміі навук, паведаміў намеснік дырэктара «Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама» Арцём Ганчар. Зараз сумесь тэсціруюць на некаторых вуліцах Мінска.
![У Беларусі тэстуюць новы супрацьгалалёдны рэагент. Ён павінен менш шкодзіць абутку, аўтамабілям і экалогіі](http://dzh7f5h27xx9q.cloudfront.net/wp-content/uploads/2019/04/sol-na-dorogah.jpg)
Новую сумесь распрацавалі, бо штогод грамадзяне скардзяцца на агрэсіўнасць рэчываў для абуткаў, аўтамабіляў, раслін і лап жывёлаў.
Чым новая сумесь адрозніваецца ад папярэдняй
Новы матэрыял — тая ж соль, толькі з дадаткамі і спецыяльна распрацаваным кампанентам. Новая сумесь павінна менш уздзейнічаць на абутак, жалезабетон і бетон, а таксама на зялёныя насаджэнні і кузавы аўтамабіляў. Паводле словаў Ганчара, агрэсіўнае ўздзеянне рэагента павінна знізіцца прыкладна на 40%.
Чытайце таксама: Бачыш соль? А яна ёсць. Як зімовыя антыгалалёдныя рэагенты ўплываюць на гарадское асяроддзе цэлы год і ці маюць яны альтэрнатыву
Ці будуць масава выкарыстоўваць — яшчэ пад пытаннем
Зараз сумесь апрабіруюць у Мінску на дзвюх вуліцах — Свярдлова і Ульянаўскай. Да канца лета 2024 года інстытуты выдадуць заключэнне, наколькі новая сумясь зніжае альбо не зніжае шкоднае ўздзеянне. Пасля гэтага плануюць прыняць рашэнне па вытворчасці і выкарыстанні.
Не першая спроба замяніць звычайны рэагент
Прыбраць з дарог соль і пясок спрабавалі ў 2013 годзе. Тады камунальнікі і дарожныя службы пачалі ўкараняць рэагент на аснове адходаў цукровай вытворчасці. Ён быў дарагі, пасыпалі ім толькі цэнтральныя вуліцы і некаторыя двары. Эфект апынуўся добрым, але потым размовы пра салодкія пасыпкі сціхлі. Пісалі, што салодкі рэагент прыйшоўся не да спадобы ці то з-за цаны, ці то з-за сваёй ліпкасці.