У ноч з 12 на 13 жніўня беларусы змогуць убачыць пік самых яркіх патокаў года – Персеід. Інтэнсіўнасць зоркапада можа дайсці да 110 метэораў у гадзіну, піша «Смартпресс» са спасылкай на Мінскі планетарый.
Персеіды актыўныя штогод у другой палове жніўня, але максімальны паток прыпадае ў ноч з 12 на 13 жніўня – у гэты перыяд Зямля праходзіць праз найшчыльную частку шлейфу часціц, якія пакідае камета. У гэтым годзе пік зоркападу прыпадае на маладзік – гэта значыць, што святло Месяца не перашкодзіць разгледзець нават слабыя метэоры.
Назіраць за зоркападам лепш за ўсё ў адкрытай мясцовасці ўдалечыні ад ліхтароў і будынкаў: у полі, парку, на ўзвышшы або на беразе вадаёма. Пажадана даць вачам каля 30-40 хвілін, каб прывыкнуць да цемры. А вось тэлескоп або бінокль для зоркапада не спатрэбяцца – назіраць Персеіды лепш няўзброеным вокам. Для здымкі зоркапада на тэлефон спецыялісты раяць выкарыстоўваць штатыў ці ўстойлівую апору, а ў наладах усталяваць доўгую вытрымку.
Акрамя зоркапада 12 жніўня адбудзецца сонечнае зацьменне – абедзве падзеі прыпадаюць на адны суткі. Гэта лічыцца вельмі рэдкай з’явай, апошні раз такое адбывалася 11 жніўня 1999 года – тады паласа поўнай фазы прайшла па Еўропе, а следам наступіла ноч Персеід.
Чытайце таксама: Гродна стане найлепшым месцам Беларусі для назірання за зацменнем. Калі глядзець і як абараніць вочы



