Новы касцёл у стылі эклектыкі будуюць у мікрараёне Баранавічы-2, побач з аўтобусным прыпынкам і праваслаўным храмам. Касцёл прысвецяць блажэннай Марыяне Бярнацкай — каталіцкай пакутніцы, расстралянай каля Гродна.

Марыяна Бярнацкая (Чакала) нарадзілася ў 1888 г. ў Ліпску (адлегласць наўпрост ад Гродна — 30 км, зараз Польшча), у сям'і уніятаў, запісаных у праваслаўе. Пазней прыняла каталіцтва. Падчас Другой сусветнай вайны ўгаварыла немцаў расстраляць сябе замест цяжарнай нявесткі. Разам з сынам і 48 іншымі жыхарамі Ліпска яе расстралялі 13 ліпеня 1943 г. недалёка ад вёскі Навумовічы, каля фартоў Першай сусветнай вайны. У 1999 г. прылічана да блажэнных. Яе часта называюць заступніцай свякрух.

Мікрараён прыватнай забудовы Баранавічы на ​​краі Гродна працягвае актыўна расці. Касцёл для мікрараёна будуюць у раёне вуліц Валжэцкага, Пясочнай і Рамонкавай. Побач размяшчаецца царква ў гонар Аўгустоўскага абраза Божай Маці, асвечаная ў 2017 годзе. Да гэтага праваслаўная парафія там існавала шэсць гадоў. Па плане, паміж царквой і касцёлам (за Ваўжэцкага) пабудуюць аднапавярховы гандлёвы цэнтр плошчай больш за 530 кв.м.

Грамадскія абмеркаванні праекта будаўніцтва касцёла праходзілі ў чэрвені 2021 года. Плошча забудовы пад касцёлам — 975 кв. м.

Да прыходу блажэннай Мар’яны Бярнацкай адносяцца жыхары гарадскіх мікрараёнаў Ласосна і Баранавічы, а таксама вёскі Тарусічы.

На будаўніцтва касцёла збіраюць ахвяраванні. У падатковай рэлігійная абшчына «Прыход блажэннай Марыяны Бярнацкай у г. Гродна Гродзенскай епархіі Рымска-каталіцкай Царквы ў Рэспубліцы Беларусь» зарэгістравана з 2019 года. Instagram прыхода вядуць па-беларуску, праўда, банэр аб зборы ахвяраванняў на агароджы будоўлі - на рускай мове.

Бліжэйшы да мікрараёна Баранавічы касцёл — храм Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі (1854 г. п.) у вёсцы Адамавічы. Ад Баранавіч-2 на такой жа адлегласці знаходзіцца новы касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі Міласэрнасці на вуліцы Рэпіна.

Чытайце таксама: