Грамадзян Сірыі, Ірака, Егіпта і Алжыра затрымалі падчас рэйду ў Гродне супрацоўнікі аддзела па грамадзянстве і міграцыі Кастрычніцкага РАУС пры сілавой падтрымцы АМАП. Усяго затрымана дзевяць мігрантаў, восем з іх прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці і плануюць дэпартаваць. Пра гэта расказалі ва УУС Гродзенскага аблвыканкама.

Адносна аднаго з мігрантаў праводзіцца праверка для прыцягнення да крымінальнай адказнасці. Таксама перад законам адкажа грамадзянін Беларусі, які здаў мігрантам жыллё.

У 2023 годзе падчас такіх рэйдаў супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС Гродна выявілі 11 груп мігрантаў. Агулам затрымалі 69 чалавек, якія знаходзіліся ў Беларусі незаконна, паведамілі ў прэс-службе абласной міліцыі.

Мігранты сталі неэфектыўнымі і ўжо не патрэбны?

Генадзь Коршунаў — сацыёлаг і старэйшы даследчык Цэнтра новых ідэй — у рассылцы «Што думаюць беларусы» звяртае ўвагу, што ў студзені 2024 года на межах Беларусі і Еўрасаюза назіралася зацішша. Мігранты амаль не спрабавалі патрапіць у Літву і Латвію. Польскія памежнікі таксама затрымлівалі толькі 20−25 мігрантаў на тыдзень. Для параўнання — у кастрычніку 2023 іх былі сотні.

«“Вішанкай на торце” сталі паказчыкі апошніх дзён, калі на працягу 8 сутак былі нулявыя значэнні па спробах незаконных перасячэнняў усіх межаў Беларусі з краінамі ЕС. Пры гэтым канстатаваць канец памежнага крызісу, на жаль, не прыходзіцца: групы мігрантаў працягваюць курсаваць уздоўж памежных платоў, хоць і без ранейшага азарту», - піша Коршунаў.

Даследчык звяртае ўвагу, што зніжэнне колькасці спроб патрапіць з Беларусі ў краіны ЕС пачалося ў апошнім квартале 2023 года. Калі ў кастрычніку 2023 года было зафіксавана амаль 5,5 тысяч спроб, то ў лістападзе іх было ўжо 2,5 тысячы, а ў снежні - менш за 800.

Коршунаў заўважае, што акурат увосень мігранты пачалі актыўна спрабаваць патрапіць з Расіі ў Фінляндыю. Але калі ў тым напрамку іх пачалі разварочваць, яны не вярнуліся на беларуска-еўрапейскія межы. Больш за тое, беларускія сілавікі пачалі паказальна затрымліваць мігрантаў.
А пагранічнікі зноў заклікаюць беларусаў паведамляць аб незнаёмцах ля мяжы — як гэта было да пачатку міграцыйнага крызісу.

Чытайце таксама: Латвія закрывае адзін з двух памежных пунктаў. Прычына — мігранты і падтрымка Беларуссю вайны

«Магчыма, уладам што Беларусі, што Расіі стала агулам зразумела, што выкарыстанне мігрантаў як гібрыднай зброі супраць Еўрасаюза аказалася не такім эфектыўным, як планавалася. Не ўзнікла ні канфлікту паміж краінамі-сябрамі ЕС, ні дэстабілізацыі па гуманітарнай лініі - нічога. […] Цяпер дзякуючы ўзгодненым дзеянням Нарвегіі, Фінляндыі, Эстоніі, Латвіі, Літвы і Польшчы па перыметры ўсіх заходніх межаў Беларусі і Расіі склалася сітуацыя, якую можна параўнаць з трэцім званком перад падзеннем жалезнай заслоны. Пазбаўленыя апекі сілавікоў у гэтым вялікім геапалітычным спектаклі „нелегалы“ аказваюцца ў становішчы маўра, які сваю справу зрабіў. Але праблема ў тым,
што сыходзіць яму няма куды», — вобразна піша эксперт.

Старшыня Дзяржпагранкамітэта Канстанцін Моластаў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» 23 студзеня заявіў, што змяншэнне патоку мігрантаў у студзені звязана з умовамі надвор’я. Таксама ён заявіў, што «беларускімі пагранічнікамі робяцца пэўныя крокі па барацьбе з арганізаванымі групамі, арганізацыямі і людзьмі, якія займаюцца незаконнай міграцыяй».

Міграцыйны крызіс доўжыцца амаль тры гады

Міграцыйны крызіс на межах Беларусі і краін ЕС пачаўся ў 2021 годзе. Грамадзяне краін Блізкага Усходу і Афрыкі з беларускімі візамі пачалі спрабаваць патрапіць у Польшчу, Літву і Латвію міма пунктаў пропуску. Краіны ЕС назвалі гэта гібрыднай атакай. Яны абвінавацілі ў штучным стварэнні міграцыйнага крызісу на мяжы ўлады Беларусі. У адказ на правакацыі на мяжы Польшча закрыла пункт пропуску «Кузніца».