Літва плануе закрыць два памежныя пункты — Райгардас (з беларускага боку — «Прывалка») і Лаварышкіс (з беларускага боку — «Катлоўка»). Гэта можа адбыцца ўжо 1 сакавіка 2024 года. Такую ідэю 6 лютага прапанавала камісія па нацыянальнай бяспецы Літвы. Але не ўсе ў краіне падтрымліваюць гэта.

Мяжу на ровары ўжо не праедзеш?

Камісія прапануе ўраду спыніць на названых памежных пунктах рух тавараў, транспарту і людзей. «Таксама прынята рашэнне абмежаваць рух людзей на веласіпедах і пешшу на ўсіх пунктах пропуску», — сказаў кіраўнік Нацыянальнага цэнтра кіравання крызіснымі сітуацыямі Літвы Вільмантас Віткаўскас.

Таксама ў камісіі прапанавалі абмежаваць пасадку і высадку пасажыраў на чыгуначным памежным пункце Кена. У такім выпадку пасажыры транзітнага цягніка Мінск-Калінінград, нават з дакументамі любой з краін Еўрапейскага саюза, не змогуць пакідаць цягнік на тэрыторыі Літвы.

Якія пункты застануцца працаваць

Калі ўрад Літвы падтрымае прапанову камісіі, на літоўска-беларускай мяжы застануцца працаваць толькі два прапускныя пункты ў Мядзінінкае (з беларускага боку «Каменны лог») і Шальчынінкае (з беларускага боку «Беняконі»)

Могуць скараціць пасажырскія перавозкі

Таксама ў Літве плануюць прыняць рашэнне аб паступовым скарачэнні колькасці дазволаў на рэгулярныя міжнародныя аўтобусныя пасажырскія перавозкі, якія выдаюць беларускім і літоўскім перавозчыкам.

Навошта літоўцы закрываюць межы

Магчымае закрыццё памежных пунктаў тлумачаць тым, што прыкладна на 50% павялічыўся паток беларусаў і значна зменшыўся паток літоўцаў. Маўляў, гэта стварае дыспрапорцыю, і патрабуе аптымізацыі працэсу і больш дэталёвага дагляду людзей.

Чытайце таксама: «Алею купіць пяць літраў». Рэпартаж з памежнай вёскі, куды едуць літоўцы і беларусы

Акрамя гэтага, у Літве пераймаюцца колькасцю завербаваных спецслужбамі беларусаў, якія ездзяць у Беларусь з Літвы. Закрыццё памежных пунктаў можа паменшыць верагоднасць, што беларускія і расійскія выведкі і службы бяспекі будуць працаваць супраць Літвы.

Таксама камісія па нацбяспецы чакае, што больш эфектыўна будуць не дапускаць перамяшчэння праз мяжу санкцыйных тавараў, а мяжа Шэнгенскай зоны будзе больш эфектыўна абаронена.

Не ўсе ў Літве радыя закрыццю межаў

Кіраўнік Віленскага раёна Роберт Духневіч і мэр Друскенікаў Рычардас Малінаўскас не падтрымалі ідэю аб закрыцці межаў.

Паводле Духневіча, дзяржава павінна клапаціццца пра сваю бяспеку, але і важна гарантаваць, каб у жыхароў была магчымасць наведваць сваякоў, якія жывуць за мяжой. А Малінаўсках лічыць, што Друскенікі павінны быць адкрытыя для ўсіх.

«Мы курорт. Курорт для ўсіх. Мы не ўвязваемся ў геапалітычныя пытанні, у пытанні бяспекі, гэта не наша функцыя, не наш узровень. Мы за тое, каб да нас прыязджалі адпачываць, лячыцца ўсе ахвотныя, добразычліва настроеныя людзі. А праверкай іх добразычлівасці павінны займацца спецслужбы», — сказаў Малінаўскас.

Не першыя пункты пропуска, якія закрые Літва

У жніўні 2023 года ў Літве вырашылі закрыць два пункты пропуску: Лоша — Шумскас у Гродзенскай вобласці і Відзы — Тверачус у Віцебскай вобласці. З таго часу не аднойчы ўжо казалі і пра магчымае закрыццё памежнага пераходу ў Прывалцы.

29 студзеня 2024 года кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Рустам Любаеў сказаў, што для больш якаснага кантролю трэба яшчэ больш абмежаваць колькасць беларусаў, якія ўязджаюць у Літву.