Connection Information

To perform the requested action, WordPress needs to access your web server. Please enter your FTP credentials to proceed. If you do not remember your credentials, you should contact your web host.

Connection Type

Як лакальныя медыі ўплываюць на жыццё горада - Hrodna.life

Можа падавацца, што незалежных СМІ ў Беларусі не засталося. Гэта не зусім так. Шэраг недзяржаўных выданняў усё яшчэ працуе ў краіне. А рэдакцыі, што былі вымушаныя з’ехаць, прыкладаюць усе намаганні, каб заставацца ў кантакце са сваёй аўдыторыяй і актуальнай павесткай. Як бы гэта самая аўдыторыя не была стомленая ад навінаў, людзей усё адно цікавіць, што адбываецца ў месцы, дзе яны жывуць. Таму рэгіянальныя медыі застаюцца моцным фактарам уплыву на гарадское жыццё. Як менавіта працуе ўплыў медыя на горад і гараджан, у падкасце «Утульны горад» пагаварылі з галоўным рэдактарам Hrodna.life Аляксеем Шотам.

У выпуску абмеркавалі:

  • Як узнікалі рэгіянальныя медыі?
  • Ці можа артыкул нешта змяніць у горадзе?
  • Што не так з «Гродзенскай праўдай»?
  • Наколькі бяспечна выкрываць людзей, якія жывуць зусім побач?
  • Як працуюць рэгіянальныя медыі ў выгнанні?
  • Ці магчыма падтрымліваць сувязь з аўдыторыяй на адлегласці?
  • Чаму вялікім выданням так важныя рэгіянальныя?

Слухайце размову цалкам у аўдыёверсіі або чытайце асноўныя тэзісы ў вялікім скароце ніжэй.

Гісторыя Hrodna.life

У выдання Hrodna.life, якое зараз прызнана экстрэмісцкім, і таму вымушана працаваць па-за межамі Беларусі, даволі спецыфічная гісторыя. Ад пачатку выданне называлася «Твой стыль» і было эксперыментальнай пляцоўкай для журналістаў і журналістак, якія толькі пачыналі свой прафесійны шлях. «Твой стыль» убачыў свет у 2007 годзе. Гэта быў перыяд, калі незалежныя друкаваныя выданні ў Гродне ўжо ліквідавалі, а інтэрнэт-выданні толькі нараджаліся і выглядалі як блогі пра гарадское жыццё.

Паступова «Твой стыль» развіваўся і да 2016 года стала зразумела, што выданне перарасло само сябе і больш не можа быць проста трэніровачнай пляцоўкай для пачаткоўцаў. «Твой стыль» ператварыўся ў Hrodna.life — паўнавартаснае медыя, якое расказвае пра жыццё Гродна і вобласці.

Праз блізасць да аўдыторыі ў скарбонцы Hrodna.life шмат гісторый, калі чынавенства мусіла рэагаваць на журналісцкія матэрыялы і адгукацца на патрэбы гараджан і гараджанак. Гэта натуральная гісторыя для лакальных медыя: не толькі ў адказ на артыкулы Hrodna.life дзяржслужачыя мусілі тэрмінова загадваць прыводзіць у прыстойны стан помнікі ці рэмантаваць дарогі. Падобная наступствы наступалі і тады, калі артыкулы выходзілі ў іншых гарадскіх выданнях.

Чытайце таксама: Рэдакцыя Hrodna.life сабрала 10 адзнак на конкурсе рэгіянальнай прэсы

Вялікае адрозненне Hrodna.life было ў тым, што выданне імкнулася быць больш за інфармацыйнае агенцтва, уплываць на сацыяльныя працэсы, захоўваць гістарычную спадчыну, фармаваць вакол сябе супольнасць. Праз гарадскія экскурсіі, квізы і разнастайныя імпрэзы ў актыўных гараджан і гараджанак з’яўлялася магчымасць цікава пабавіць час і знайсці аднадумцаў.

Дзяржаўныя VS Незалежныя, Рэгіянальныя VS Агульнабеларускія

Блізасць да аўдыторыі - гэта тое чаго пазбаўлены вялікія медыя, якія арыентуюцца на ўсю Беларусь, кажа Аляксей Шота: занадта шмат аўдыторыі, занадта глабальныя сферы інтарэсаў. Чытачы і чытачкі вялікіх навінавых рэсурсаў, якія жывуць па ўсёй краіне і маюць абсалютна розныя погляды і каштоўнасць, рэдка могуць утварыць супольнасць вакол свайго ўлюбёнага СМІ.

Лакальныя СМІ маюць пэўныя прывілеі: магчымасць хутка патрапіць у месца развіцця падзей, шырокае кола асабіста знаёмых інфарматараў і інфарматарак, шчыльны кантакт з аўдыторыяй. Пры гэтым у рэпрэсіўных умовах для незалежных медыя становіцца небяспечна падымаць якія-кольвек сацыяльна значныя тэмы. У такой сітуацыі журналісты і журналісткі часта абмяжоўваюцца простым пераказам прэс-рэлізаў дзяржаўных арганізацый, апісаннем чарговых праблем у галіне камунальнай гаспадаркі і прагнозам надвор’я.

Тым часам дзяржаўныя медыя ўвогуле зачастую абмяжоўваюцца функцыяй прэс-цэнтра ўсіх мясцовых выканкамаў: інтэрв'ю з чыноўнікамі і чыноўніцамі становіцца простым пераказам апошніх «дасягненняў» арганізацыі, дзе тыя працуюць, без аніякага крытычнага асэнсавання, чалавечых гісторый і сацыяльнага кантэксту.