Гродзенка працавала фельчарам-лабарантам вышэйшай катэгорыі клініка-дыягнастычнай лабараторыі ў адной з устаноў аховы здароўя Гродна. Яе звольнілі па пагадненні бакоў. Яна палічыла звальненне незаконным і пайшла ў суд.

У судзе гродзенка заявіла, што заяву аб звальненні па пагадненні бакоў яе прымусіў напісаць старэйшы фельчар-лабарант. Яна пры гэтым была стомленай маральна і фізічна і не ўсведамляла, да чаго гэта прывядзе.

Жанчына пайшла на бальнічны па доглядзе за малодшым дзіцём і паведаміла аб звальненні загадчыцы лабараторыі. Яна запатрабавала адклікаць заяву аб звальненні. Але дадому ёй прывезлі працоўную кніжку. Пасля гэтага гродзенцы стала дрэнна — яна звярнулася па меддапамогу і лячылася. Таксама гродзенка заявіла, што адчула маральныя пакуты.

Ад іску адмовілася

Справу разгледзелі ў судзе Ленінскага раёна Гродна. Фельчар прасіла аднавіць яе на працы на ранейшай пасадзе, спагнаць сярэдні заробак за час вымушанага прагулу і 1500 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.

Але ў судовым пасяджэнні жанчына адмовілася ад іску — спрэчку вырашылі да суда. Суд прыняў адмову ад іску. На якіх умовах бакі дамовіліся, невядома.

Чытайце таксама: Супрацоўніка «Гроднажылбуд» звольнілі падчас пратэстаў. Ён паспрабаваў аднавіцца на працы праз суд