З 1 сакавіка на беларуска-літоўскай мяжы закрыюць яшчэ два пункты пропуску — найбліжэйшы да Гродна «Райгардас» (з беларускага боку «Прывалка») і «Лаварышкес» («Катлоўка»). На астатніх забароняць рух на веласіпедах.

Рашэнне аб гэтым прыняў урад Літвы ў сераду, 21 лютага, паведамляе bns.lt. Пасля прыняцця Кабінетам міністраў такога рашэння на мяжы з Беларуссю працягнуць працу толькі два пункты пропуску — «Мядзінінкай» («Каменны Лог») і «Шальчынінкай» («Беняконі»).

Веласіпедны рух цалкам забароняць

Акрамя таго ўрад вырашыў забараніць пешаходны і веласіпедны рух у апошніх адкрытых пунктах «Мядзінінкай» і «Шальчынінкай». Таксама хочуць паступова скараціць колькасць дазволаў, якія выдаюцца беларускім і літоўскім перавозчыкам для рэгулярных міжнародных пасажырскіх перавозак аўтобусамі.

У чым прычына?

Міністр унутраных спраў Літвы Агне Білатайтэ лічыць прапанову аб закрыцці яшчэ двух памежных пунктаў своечасовай і неабходнай, бо ў Польшчы і ў Латвіі дзейнічае толькі па адным пагранічным пункце, а ў Літве — чатыры. У выніку, паводле слоў Білатайтэ, павялічылася плынь тавараў, транспарту і людзей праз Літву.

«Неабходныя вялікія рэсурсы для кантролю патокаў, прадухілення кантрабанды, забеспячэння міжнародных санкцый і зніжэння рызык бяспекі дарожнага руху. Гэта рашэнне (закрыць памежныя пункты — BNS) было абумоўлена таксама рызыкамі, звязанымі з узрослай актыўнасцю беларускіх спецслужбаў і службаў бяспекі супраць Літвы і нашых грамадзян», — кажа Білатайтэ.

З 18 жніўня 2023 года Літва ўжо закрыла два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю — «Шумскас» («Лоша» ў Беларусі) і «Твярачус» («Відзы»). Тады ж загаварылі аб магчымым закрыцці «Райгардас» і «Лаварышкес». Гэта тлумачылі спробамі вярбоўкі літоўцаў, якія едуць у Беларусь па бязвізу, з боку беларускіх спецслужбаў, і клопатам наконт бяспекі праз пераезд у Беларусь групы наймітаў «Вагнера».

Толькі лічбы

У 2023 годзе ў аўтамабільных пунктах пропуску беларуска-літоўскую мяжу перасеклі амаль 3,9 млн чалавек. Гэта на 25,5% больш, чым у 2022 годзе. З іх 66% былі грамадзяне Беларусі.

А вось перасячэнняў грамадзянамі Літвы стала на 13,4% менш у параўнанні з 2022: у 2023 годзе іх было 684 тыс. Колькасць літоўцаў, якія перасякалі мяжу, у мінулым годзе дасягнула амаль 62 тыс. і знізілася на 17,5%. Большасць грамадзян Літвы ехалі праз пункты «Шальчынінкай» («Беняконі») і «Лаварышкес» («Катлоўка»).