Connection Information

To perform the requested action, WordPress needs to access your web server. Please enter your FTP credentials to proceed. If you do not remember your credentials, you should contact your web host.

Connection Type

Чарга для аўтобусаў на мяжы Беларусь-Польшча зашкальвае

Напрыканцы выхадных беларусы адзначылі вялізную чаргу на мяжы з Польшчай у Брэсце. Толькі на праходжанне мяжы нават для рэйсавых аўтобусаў па асобнай чарзе зараз ідзе ад 24 гадзін да двух сутак. Пры гэтым прайсці мяжу ў Літву займае ўсяго дзве гадзіны — але патрапіць туды не так проста.

«На турыстычным [аўтобусе — Hrodna.life] сёння прарваліся ў Польшчу. На мяжы адстаялі няшмат, крыху менш за двое сутак))) Усім удачы», — так бадзёра даў справаздачу ўдзельнік чата «ГраницаBY Беларусь-ЕС» у раздзеле, прысвечаным праходжанню мяжы ў Брэсце («Цярэспаль» з польскага боку).

мяжа ў Брэсце
Скрыншот з чата пра мяжу — Hrodna.life

У аднаго з чытачоў Hrodna.life мяжа ў Брэсце ў бок Польшчы на ​​аўтобусе заняла 28 гадзін. Гэты пераход застаўся адзіным адкрытым для легкавога транспарту і рэйсавых пасажырскіх перавозак на польскай мяжы. Аб’езд праз «Прывалку» («Райгардас») і суседні пункт пропуску «Лаварышкес», які стаў звыклым за апошнія гады, Літва закрыла з 1 сакавіка.

24 сакавіка ўезду ў Польшчу чакала каля 40 рэйсавых аўтобусаў, падзяліўся адзін з пасажыраў у чаце мяжы. 25 сакавіка бліжэй да поўдня чарга з аўтобусаў у бок Польшчы была ўжо большай за 50.

Каб прайсці мяжу хутчэй, пасажыр аўтобуса «Мінск-Варшава» змог перасесці ў іншы, які стаяў сёмым у адным з двух каналаў, адведзеных пад аўтобусы. У гэтага аўтобуса мяжа заняла 24 гадзіны і 40 хвілін. «Калі б не перайшлі наперад — дадаем 12−13 гадзін», — распавёў пасажыр.

перасячэнне мяжы ў Польшчу аўтобусам
Чарга з аўтобусаў на мяжы з Польшчай у Брэсце. Крыніца: чат, прысвечаны мяжы

Лайфхакі і «левыя» квіткі

Пасажыр аўтобуса падзяліўся лайфхакам для мінчан — ехаць да Брэста цягніком, потым браць таксі да мяжы і хадзіць, шукаць вольныя месцы па аўтобусах, якія стаяць бліжэй да шлагбаума. Гэта дапаможа не плаціць за два аўтобусы (звычайны на ўсю дарогу і новы ад мяжы): у кіроўцы кошт квітка ад мяжы для «перасеўшага» — амаль як цэлы квіток, ад 100 рублёў. Праўда ў чаце ўдакладняюць, што да Цярэспаля могуць давезці і за 30 рублёў, — але ўсё індывідуальна, і трэба самому хадзіць і даведвацца ўмовы ў кіроўцаў. Рэйсавыя аўтобусы за падсадку на мяжы бяруць € 30−50 (105−175 рублёў), турыстычны — 120 рублёў. Уначы цэны вышэйшыя.

пересечение границы в Бресте
Скрыншот з чата аб мяжы — Hrodna.life

У агрэгатары «Атлас» білеты з Гродна ў Варшаву каштуюць па 120−125 рублёў, маршруткі і аўтобусы едуць праз Брэст. Да блізкага яшчэ пару гадоў таму Беластока кошт такі ж самы — 120 рублёў, маршруты таксама ў асноўным праз Брэст. Кошт квітка ад Мінска да Варшавы — 130−140 рублёў (па суботах ёсць прапанова за 105 рублёў). У Беласток з Мінска цана такая ж, 130 рублёў, але застаўся ўсяго адзін штодзённы рэйс.

У бок Беларусі сітуацыя зараз зусім іншая: «Экалайнсу» з Варшавы ўдалося прайсці абедзве межы за дзве гадзіны. Праўда, пры праездзе ў Беларусь аўтобусам даводзіцца чакаць тых, каго забіраюць «на допыты» супрацоўнікі спецслужбаў - грамадзян Украіны, людзей, якія знаходзяцца ў спісах за «палітычныя» адміністрацыйныя правапарушэнні яшчэ з 2020 года. Асобная размова і праверка змесціва тэлефонаў часта чакаюць і людзей, якія рэдка прыязджаюць у Беларусь, маюць від на жыхарства іншай краіны.

Легкавыя машыны з боку Польшчы праходзяць мяжу за 1,5−2,5 гадзіны, з боку Беларусі - каля 16 гадзін.

У Літву — за дзве гадзіны, але квіткоў няма

Чарга на мяжы з Літвой у «Беняконях» («Шальчынінкай» з літоўскага боку) пры паездцы ў Вільню значна меншая. Рэйсавая маршрутка з Вільні вечарам 24 сакавіка прайшла абедзве мяжы — літоўскі і беларускі пункты пропуску — за дзве гадзіны. Для пасажыраў рэйсавага аўтобуса Мінск-Вільня, які выехаў з Мінска 24 сакавіка ў 12.00, поўнае праходжанне мяжы заняло тры гадзіны. У пагранпераходзе «Каменны Лог» («Мядзінінкай») рэйсавыя аўтобусы праходзяць мяжу за 1−1,5 гадзіны.

Пасля закрыцця пунктаў пропуску «Райгардас» і «Лаварышкес» з літоўскага боку Літва з 1 сакавіка абяцала яшчэ больш абмежаваць выдачу дазволаў на праезд і пакінуць толькі 29 перавозчыкаў. Гэта можа растлумачыць меншыя чэргі для пасажырскага транспарту — менш дазволаў, менш і аўтобусаў.

У агрэгатары «Атлас» да канца сакавіка можна знайсці ўсяго па два-тры рэйсы з Гродна ў Вільню штодня супраць васьмі, якія былі яшчэ ў пачатку сакавіка. Кошт за адно месца — 130 рублёў (у пачатку сакавіка было 100 рублёў), і да канца сакавіка вольных месцаў няма. З красавіка ў раскладзе зноў стаіць па восем рэйсаў, але білеты на іх недаступныя. Некалькі месцаў ёсць толькі з 9 па 14 красавіка, а з 24 красавіка немагчыма нават даведацца пра колькасць рэйсаў і іх расклад.
Больш шанцаў трапіць у Вільню з Мінска: па 7−11 рэйсаў у розныя дні, ёсць даступныя да заказу квіткі, і цэны меншыя — ад 100 да 125 рублёў.

Чытайце таксама: Перавозкі падаражэлі на 20% - і гэта не канец. Што адбываецца пасля закрыцця пунктаў на літоўскай мяжы

Легкавым аўто праходжанне літоўскай мяжы, наадварот, даецца цяжка. Мяжа ў пункце пропуску «Шальчынінкай» — «Беняконі» ў бок Беларусі 24 сакавіка заняла каля 18 гадзін. «410 метраў за 15 гадзін», — адзначыў кіроўца, які ехаў у Беларусь. Чарга па некалькі гадзін стаяла нерухома. Праблема не ў беларускім баку — цалкам запоўнена нейтральная паласа. «Літоўцы прапускаюць +/- 10−12 машын за гадзіну. Адчуванне, што літоўцам дадзена даручэнне прапускаць не больш за 100 аўто за змену», — падзяліўся іншы кіроўца. Выключэнне складае толькі «еўрапас» — канал для аўтамабіляў, у якіх едуць грамадзяне Еўрасаюза. Праходжанне мяжы ў бок Літвы для легкавых аўто займала прыкладна столькі ж — 19 гадзін.

чарга на мяжы ў Літву
Чарга аўтамабіляў на граніцы з Літвой. Крыніца: чат, прысвечаны мяжы

Калапс будзе пастаянным?

Магчыма, рост чаргі на мяжы ў бок Польшчу звязаны з пачаткам школьных вакацый у дзяцей. У чаце мяжы прагназуюць змяншэнне чаргі аўтобусаў ужо да наступных выходных. Праўда, чытач Hrodna.life, які ехаў у Польшчу яшчэ 5 сакавіка, таксама затрымаўся ў чарзе і без вакацый. Іх аўтобус паехаў з Мінска праз Ліду і толькі потым — на Брэст. Дарога ад Мінска да Беластока з мяжой заняла 18 гадзін.

«Калапс з аўтобусамі зараз будзе пастаянны, не вывезе адзін пагранпераход наплыву ўсіх аўтобусаў. Дзіўна, што ў кагосьці засталіся ілюзіі на гэты конт», — упэўненая ўдзельніца «памежнага» чата.

Чытайце таксама: «Жалезная заслона» апусцілася пад Гродна: што нясе закрыццё межаў беларускай эканоміцы і грамадству