Частку канцэпцыі новага мікрараёна «Вясенні» (або «Залаты») паблізу ад цэнтра Гродна адправілі на дапрацоўку. Пра гэта расказаў кіраўнік Гродзенскай вобласці Уладзімір Каранік у час стрыму.

Калі чыноўнікі дасягнуць кансэнсусу паміж сабой — праект яшчэ раз выставяць на грамадскае абмеркаванне. Мікрараён будзе добра бачны са ўсіх кропак, прызнаў Каранік.

«Ён або стане яшчэ адной візітнай карткай Гродна, або будзе месцам, якое будзе выклікаць раздражненне ў жыхароў і турыстаў. Там і Каложская царква, і Стары замак. Людзі, якія фатаграфуюць Стары замак, павінны разумець, што на заднім фоне хоць сучаснае дойлідства, але яно не ўваходзіць у жорсткі дысананс з тым, што было збудавана да нас», — цытуе Уладзіміра Караніка канал Urban Hrodna.

Да зносу прыватных дамоў на месцы будучага раёна збіраюцца прыступіць у першым паўгоддзі 2024 года. У новым раёне плануюць збудаваць каля 17 дамоў на 2012 кватэр — з разлікам на больш чым 4,5 тыс. чалавек. Агульная плошча мікрараёна складзе 47,45 га.

Спрэчны раён з дзвюма назвамі

Раён «Вясенні» запланавалі збудаваць ў межах вул. Вясенняя, Каліноўскага, Санфірава, Паркавая. Першапачатковы план раёна апублікавалі вясной 2021 года. Пазней яго змянілі. Грамадскія абмеркаванні новага раёна прайшлі восенню 2022 года. Паводле канцэпцыі, ён будзе складацца з будынкаў зменнай паверхавасці ў 5−10 паверхаў, паркоўкі размесяцца па знешнім перыметры забудовы, за межамі двароў. Па вуліцы Паўлава і далей да Новага моста пройдзе працяг праспекта Будаўнікоў.

мікрараён Залаты микрорайон весенний план
План будучага мікрараёна. Фота: Urban Hrodna

На прэзентацыі раёна ў верасні 2022 стала вядома, што дамоў будзе менш, чым задумвалі раней, але ў частцы вышынных дамоў вырашылі павялічыць колькасць паверхаў з 15 ажно да 19. Гараджане занепакоіліся, што раён плануюць узвесці надта блізка да Каложскай царквы, якую рыхтуюць да ўнясення ў спіс ЮНЕСКА, і гмахі на заднім фоне сапсуюць традыцыйны від на царкву. З’явілася петыцыя з патрабаваннем скасаваць будаўніцтва ці прынамсі зменшыць колькасць паверхаў. У петыцыі было напісана, што раён хочуць збудаваць акурат каля Каложы. Гэта насамрэч не так — паміж імі будзе адлегласць у 1,2 км. Але некаторыя гмахі сапраўды могуць стаць добра бачнымі на панараме горада. Акрамя петыцыі, з’явіліся іншыя крытычныя публікацыі ў СМІ і сацсетках. Раней, чым прыйшоў афіцыйны адказ на петыцыю, начальнік упраўлення будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама Дзяніс Конан выказаўся ў разгромным адносна петыцыі артыкуле. Ён падкрэсліў, што новы мікрараён збудуюць дастаткова далёка ад Каложы, а месца для будаўніцтва даўно вызначана паводле Генплана.

Ад пачатку новы жылы раён называлі «Вясеннім», па назве адной з яго асноўных вуліц. У жніўні 2023 года стала вядома, што запланаваны раён вырашылі назваць «Залатым». «Так званага мікрараёна „Залаты“ не існуе нават на паперы. Бліжэйшая да Каложскай царквы і аднайменнага парку забудова — мікрараён „Вясенні“», — заявіў ужо ў лютым 2024 года Дзяніс Конан. Наконт таго, як усё ж будзе называцца раён — «Вясенні» ці «Залаты» — у час апошняга стрыма нічога не сказалі.