Колькасць жыхароў Гродна і Гродзенскага раёна, якія звяртаюцца па дапамогу пасля ўкусаў кляшчоў, змяншаецца другі год запар. Пра гэта паведаміў Гродзенскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.

У Гродне ўжо прачнуліся кляшчы. Але да медыкаў з іх укусамі звяртаецца ўсё менш чалавек
Клешч. Ілюстрацыйнае фота створана з дапамогай штучнага інтэлекту Copilot

Летась па медычную дапамогу з-за прысмоктвання іксодавых кляшчоў звярнуўся 3221 чалавек. Гэта на 7,5% менш, чым было ў 2022 годзе — 3483. У 2021 годзе лічба людзей, якія звярнуліся да медыкаў, была яшчэ большай — 3649.

Таксама ў Гродне і Гродзенскім раёне ў 2023 годзе не зафіксавалі выпадкаў клешчавога энцэфаліту. У 2022 годзе такіх выпадкаў было тры — два жыхары Гродна і адзін — Гродзенскага раёна.

Агулам у Гродзенскай вобласці летась ад кляшчоў пацярпелі 4940 чалавек, у тым ліку 1470 дзяцей. Медыкі зафіксавалі 147 выпадкаў клешчавога энцэфаліту і 367 выпадкаў хваробы Лайма.

Дзе часцей за ўсё кусалі кляшчы

  • на тэрыторыі лясных масіваў - 22,3%;
  • на тэрыторыі загарадных, дачных участкаў, сельскай мясцовасці - 29,3%;
  • у лясных масівах горада — 21,7%;
  • на тэрыторыі прыватных домаўладанняў і дачных участках горада — 10%;
  • на тэрыторыі жылой забудовы горада — 0,4%;
  • за тэрыторыяй горада і раёна (на тэрыторыі іншых раёнаў, абласцей і нават дзяржаў) — 12,6%;
  • пацярпелыя не маглі сказаць, дзе сустрэлі кляшча — 8,2%.

Кляшчы ўжо прачнуліся

Першы выпадак прысмоктвання кляшча ў 2024 годзе зарэгістравалі 26 лютага ў мікрараёне «Баранавічы». Зараз кляшчы актыўныя на тэрыторыі прыродных ландшафтаў, якія добра прагравае сонца, — пустырах, лужках, узлесках.

Расклад актыўнасці іксодавых кляшчоў можа выглядаць так:

  • сакавік — красавік — нізкая;
  • травень — сярэдзіна чэрвеня — высокая;
  • ліпень — жнівень — сярэдняя;
  • верасень — кастрычнік — нізкая.

Як абараніцца ад кляшчоў

Знаходзячыся на прыродзе, трэба:

  • максімальна прыкрываць цела, апранацца ў светлае адзенне (на ім лепш бачныя кляшчы) з доўгімі рукавамі і капюшонам, штаны запраўляць у шкарпэткі;
  • кожныя дзве гадзіны (а можна і часцей) правяраць сябе і тых, хто з вамі, на кляшчоў. Асабліва ўважліва трэба аглядаць шыю, падпахі, пахвінную вобласць, вушныя ракавіны — у гэтых месцах скура асабліва далікатная і тонкая, кляшчы часцей за ўсё прысмоктваюцца там. Варта правяраць таксама жывёл і букеты з лясных і палявых кветак;
  • выкарыстоўваць інсекта-акарыцыдныя сродкі. Не забывайце чытаць інструкцыю.

Не варта ўжываць сырое казінае малако і прадукты з яго (тварог, сыр, смятану), якія не прайшлі тэрмічнай апрацоўкі.

Што рабіць, калі клешч ужо ўкусіў

Як выдаліць кляшча:

  • Ніткай. Завяжыце яе вузлом, як мага бліжэй да хабатка. Закручваючы канцы ніткі кругавымі рухамі, выміце кляшча, паволі падцягваючы яго ўверх. Нельга цягнуць рэзка, каб не адарваць хабаток — ён будзе запаляцца.
  • Пінцэтам. Кляшча захапіце як мага бліжэй да хабатка і акуратна выцягніце, круцячы вакол сваёй восі ў зручны бок. Звычайна кляшча можна дастаць цалкам праз пару абаротаў. Выдзіраць, зноў жа, нельга.

Нельга выкарыстоўваць алей і тлустыя крэмы, якія закаркоўваюць дыхальныя адтуліны кляшча. Так можна справакаваць дадатковы выкід узбуджальнікаў хвароб у кроў.

Пасля здабывання кляшча апрацуйце скуру настойкай ёду або спіртам. У першыя 72 гадзіны варта звярнуцца да ўчастковага тэрапеўта (педыятра) або інфекцыяніста, які прызначыць прафілактычнае лячэнне супраць клешчавых інфекцый і прызначыць назіранне. Гэта максімальны тэрмін, у які хіміяпрафілактыка дасягне максімальнага эфекту.

Эфектыўнымі метадамі зніжэння колькасці кляшчоў застаюцца супрацьклешчавыя апрацоўкі тэрыторый, санітарныя высечкі, выдаленне сухастою і ламачча, прарэджванне хмызняку, кашэнне і знішчэнне бытавых сметнікаў. Апрацоўка дзесяці сотак прысядзібнага ўчастка каштуе каля 25 рублёў. Паслугу аказваюць спецыялісты дэзінфекцыйнага аддзялення Гродзенскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

Чытайце таксама: Парэчча, Гожа, Квасоўка. Дзе яшчэ ў Гродзенскім раёне часцей за ўсё кусаюць кляшчы