Жыхар Ваўкавыска падпісаўся на дзве «экстрэмісцкія» суполкі ў «Аднакласніках» і не выдаліў іх пасля першага штрафу, бо не ведаў, як гэта зрабіць. Таму яго зноў судзілі - і арыштавалі. Паўторнае рашэнне суду парушае важны прынцып — ніхто не можа быць судзімы двойчы за адно і тое ж дзеянне, патлумачыла для Hrodna.life Віка Рудзянкова, юрыстка «Вясны» і праваабаронца.

 — Паказальны кейс з пункту гледжання таго, якія ў нас суды. Лепш асвятляць, каб людзі не трапілі ў гэтую пастку гэтак жа. Паўторнае рашэнне суду парушае важны прынцып — ніхто не можа быць судзімы двойчы за адно і тое ж дзеянне, што таксама замацаваны і ў нацыянальным заканадаўстве — гэта прынцып справядлівасці, адміністратыўная адказнасць мусіць быць справядлівай. Гэты прынцып быў праігнараваны судом і ўвогуле ніяк не закрануты ў пастанове, — тлумачыць Віка.

Прынцып недапушчальнасці падвоенага пакарання заснаваны на п. 7 арт. 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах: «Ніхто не павінен быць двойчы асуджаным альбо пакараным за злачынства, за якое ён ужо быў канчаткова асуджаны ці апраўданы ў адпаведнасці з законам і крымінальна-працэсуальным правам кожнай краіны».

Улічваючы, што чалавек не ведаў, як выдаліць пост, і ўжо адбыў за яго пакаранне, праваахоўныя органы мусілі яму растлумачыць, што пост трэба выдаліць, лічыць Віка. Яна заўважае, што ў законе «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў» зафіксаваны прыярытэт папераджальных мераў над мерамі адказнасці.

 — Калі ўжо ёсць такі закон, то суб’екты прафілактычных мераў мусяць спыніць «правапарушэнне» (хаця мы не лічым такія дзеянні правапарушэннем, мы лічым гэта рэалізацыяй права на выказванне меркавання). У чым тады сутнасць прафілактычнай дзейнасці, калі на прафуліку стаіць чалавек пасля адбыцця пакарання? У чым сутнасць дзейнасці праваахоўных органаў — у прыпыненні, папярэджанні правапарушэнняў або ў тым, каб проста караць? Дадзены кейс адназначна пацвярджае другі варыянт і паказвае, што праваахоўныя органы проста няздольныя прыпыніць тое правапарушэнне, якое магло б быць прыпынена вельмі проста — тлумачэннем чалавеку, што ён мусіць цяпер зрабіць, каб выправіць свае паводзіны.

Яшчэ шэраг парушэнняў

Пры тым, што рэпост у сацсетках судамі лічыцца захоўваннем і распаўсюдам экстрэмісцкіх матэрыялаў, такія вызначэнні прыцягнутыя за вушы, лічыць экспертка. Бо захоўваюцца матэрыялы не на тэлефоне чалавека, а на серверах. Распаўсюд жа — гэта актыўныя дзеянні.

«Напрыклад, менавіта рэпост (у выніку якога матэрыял можа быць адлюстраваны ў стужцы людзей адзін раз). Па аналогіі можна прывесці размяшчэнне, напрыклад, аб’явы на стэндзе. Што мусяць зрабіць праваахоўнікі ў такім выпадку? Відавочна, зняць гэтую аб’яву і знішчыць, а не пакідаць яе там жа і потым прыцягваць да адказнасці чалавека бясконцую колькасць разоў, пакуль гэтая аб’ява там вісіць з іх ведама».

Пры гэтым сітуацыя выклікае яшчэ адно пытанне. «Ці не парушана тут патрабаванне да тэрміну прыцягнення да адказнасці - два месяцы з моманту выяўлення правапарушэння? — задаецца пытаннем экспертка. — Першае рашэнне суда фіксуе факт рэпосту, а другое рашэнне тычыцца таго ж рэпосту — які ўжо быў пабачаны даўным-даўно, а таму і гэта з’яўляецца парушэннем заканадаўства».