У Беларусі запрацавала анлайн-платформа «адно акно» для ўладальнікаў электрамабіляў. Сэрвіс створаны Беларускай асацыяцыяй развіцця электратранспарту (БЭТА).
Праз платформу можна атрымліваць кансультацыі, адпраўляць скаргі і пажаданні наконт развіцця электратранспарту ў Беларусі.
У асацыяцыі мяркуюць, што асноўная частка запытаў будзе звязана з працай зарадных станцый, аднак сэрвіс гатовы разглядаць і больш складаныя выпадкі — напрыклад, спрэчкі з дылерамі, імпарцёрамі або вытворцамі. Пры неабходнасці да вырашэння падключаць удзельнікаў рынку і профільныя ведамствы, паведамляе выданне «Точка».
Як працуе сэрвіс
Для падачы звароту неабходна пазначыць кантактныя даныя, мадэль электрамабіля і VIN-нумар. Да заяўкі можна прымацаваць фота і відэа, якія пацвярджаюць праблему.
Паводле даных БЭТА, адказы на большасць зваротаў будуць прадастаўляцца на працягу некалькіх дзён.
Колькі электрамабіляў і зарадных станцый у Беларусі
Паводле даных асацыяцыі, у Беларусі сёння працуе 2688 грамадскіх зарадных станцый, каля 70% з якіх — хуткія.
Парк электратранспарту ў краіне налічвае каля 60 тысяч аўтамабіляў, уключаючы прыкладна 41 тысячу цалкам электрычных машын і больш за 19 тысяч гібрыдаў.


