Жыхароў Гродзенскай вобласці судзілі за БЧБ-сцяг у сацсетках. Бондарава лабіруе ідэю ўвекавечыць савецкага тырана ва ўсіх гарадах Беларусі. Двух гродзенак будуць судзіць за спробу спаліць чырвона-зялёны сцяг. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 1 па 7 красавіка.

Штрафы і суткі за падпіскі і рэпосты

Аб 37 судовых рашэннях за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў стала вядома на мінулым тыдні. Суды прайшлі ў Гродне, Навагрудку, Ашмянах, Шчучыне, Лідзе. Сярод іншых судзілі шматдзетную маці і цяжарную жанчыну.

У Гродне за паклёп на Лукашэнку асудзілі дырэктара ПУП

Дырэктар ПУП Віталь Шычко нібыта абразіў Аляксандра Лукашэнку і распаўсюдзіў на яго паклёп у Telegram-канале «Гародня 97%». Прысуд паводле ч. 2 арт. 367 і ч.2 арт. 368 КК вынеслі 15 сакавіка ў судзе Ленінскага раёна Гродна. Яго асудзілі на тры гады «хіміі». Гродзенца адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.

«ZNADNIEMNA.PL» прызналі экстрэмісцкім фарміраваннем

Партал «ZNADNIEMNA.PL portal informacyjno-publicystyczny Polakow na Bialorusi» фарміраваннем прызнаў КДБ 26.03.2024. Адказнымі за фарміраванне назвалі Анджэя Пісальніка і Іну Тодрык-Пісальнік.

Двух гродзенак будуць судзіць за спробу спаліць чырвона-зялёны сцяг

Студэнтка і беспрацоўная 22 і 23 гадоў каля 6 раніцы 1 красавіка выпілі і вырашылі падпаліць сцяг на будынку па вул. Сацыялістычная. Яны абматалі пластыкавую дзяржальню швабры папяровым ручніком, накіраваліся да сцяга і паспрабавалі яго спаліць. Раніцай гэты сцяг знайшлі.

Дзяўчат знайшлі па відэакамерах. Узбудзілі справу паводле арт. 370 КК «Здзек з дзяржаўных сімвалаў».

Палітвязень Дзяніс Івашын упершыню за паўтара года пабачыўся з мамай

Яму далі кароткатэрміновае спатканне ўпершыню са снежня 2022 года. Блізкія размаўлялі чатыры гадзіны.

«Мы да апошняга мелі сумневы, што сустрэча адбудзецца, бо ня раз такое ўжо здаралася зь іншымі палітвязьнямі, калі прызначанае спатканьне скасоўвалі праз высмактаныя з пальца «парушэньні». Але ўсё ж невялічкія прыемнасьці здараюцца і ў сучасным ГУЛАГу ў цэнтры Эўропы.

Дзяніс выглядае хударлявым, што ня дзівіць пасьля больш за 3 год палону. Але ва ўсім іншым, як ён сьцьвярджае, праблемаў з здароўем ня мае ніякіх. З усё той жа «фірмовай» усьмешкай, у баявым настроі наш ваяр падчас сустрэчы сам падбадзёрваў маці", — напісала Вольга Івашына.

Денис Ивашин.
Дзяніс Івашын. Фота Вольгі Івашынай

Яшчэ адзін экстрэмісцкі чат

Telegram-канал «Березовка» прызнаны экстрэмісцкім па рашэнні суда Лідскага раёна ад 29 сакавіка 2024 года.

Жыхарку Іўя аштрафавалі за фота БЧБ-сцяга ў Facebook

За пікетаванне паводле ч. 1 арт. 24.23 КаАП у судзе Іўеўскага раёна яе аштрафавалі на 60 базавых адзінак (2400 рублёў), паведамляе Telegram-канал «Право имеют».

Ваўкавышчаніна затрымалі за каментар пра гібель супрацоўніка ДАІ

Мужчыну затрымалі за каментар у TikTok пад ролікам пра гібель супрацоўніка ДАІ. Ён нідзе не працуе, судзімы за хуліганства, катаванне і рабаванне.

Супрацоўнік ДАІ памёр у Пінскім раёне падчас службы — на яго наехаў кіроўца МАЗ.

Затрыманне ў Ваўкавыску.
Затрыманне ў Ваўкавыску. Скрыншот Hrodna.life

Палітвязня Аляксандра Цялегу хочуць перавесці на турэмны рэжым

3 красавіка ў Івацэвічах адбыўся суд па замене Аляксандру рэжыму ўтрымання, па выніках якога палітвязня могуць перавесці ў турму. Справу разглядаў суддзя Сяргей Кухацкаволец, але вынік суда пакуль невядомы, паведамляе «Вясна».

Аляксандр Целега.
Аляксандр Цялега. Фота: сацсеткі героя

Супрацоўніка ЖКГ судзілі за фота БЧБ-сцяга ВКонтакте

Фота палічылі незаконным пікетаваннем. У судзе Бераставіцкага раёна па ч. 1 арт. 24. 23 КаАП яго пакаралі 60 гадзінамі грамадскіх работ, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».

Новыя «экстрэмісты»

Мікуліч Уладзімір Мікалаевіч і Яшкін Аляксандр Уладзіміравіч з Гродна 5 красавіка папоўнілі спіс «экстрэмістаў».

Палітзняволеную Аляксандру Каско пераводзяць у калонію

Да канца тыдня асуджаную на 10 гадоў пазбаўлення волі Аляксандру Каско перавядуць у гомельскую жаночую калонію № 4, паведамляе MAYDAY.

Жыхарка Ваўкавыска медык Аляксандра Каско была затрыманая 9 лютага 2023 года пасля прыезду ў Беларусь. 19 снежня ў суддзя Гродзенскага абласнога суда Дзмітрый Бубенчык асудзіў дзяўчыну да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Александра Каско. Фото правозащитников
Аляксандра Каско. Фота праваабаронцаў

Бондарава лабіруе ідэю ўвекавечыць савецкага тырана ва ўсіх гарадах Беларусі

Праўладная актывістка Вольга Бондарава прапанавала паставіць у Беларусі помнік Іосіфу Сталіну. Такую ідэю яна агучыла ў адказ на прапановы дэпутата Аляксандра Шпакоўскага ўсталяваць у Мінску помнік савецкаму маршалу Канстанціну Ракасоўскаму.

сталін, помнік, бюст
Бюст Сталіна побач з крамлёўскай сцяной у Маскве. Ілюстрацыйнае фота: indrus.in

СК пачаў спецвытворчасць за «экстрэмізм» на двух гродзенцаў: адзін з іх амаль 20 гадоў не жыве ў Беларусі

Следчы камітэт заявіў аб пачатку спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да яшчэ двух гродзенцаў. Адзін з іх — заснавальнік цэнтра дапамогі замежнікам у Польшчы, які шмат гадоў жыве за мяжой, другі - былы супрацоўнік банка.

Гродзенец адвучыўся на міліцыянта, але правініўся. Яго звольнілі і прымусілі вярнуць грошы за вучобу

Гродзенец стаў міліцыянтам і пачаў служыць ва УУС Гродзенскага аблвыканкама. Але ён здзейсніў правіну, праз якую з ім датэрмінова скасавалі кантракт і звольнілі. Таму Акадэмія МУС праз суд спагнала з яго грошы за вучобу.

У Навагрудку за лагатып «Мая краіна Беларусь» аштрафавалі цяжарную

У Наваградку прайшоў суд за распаўсюд лагатыпа групы «Мая краіна Беларусь» «ВКонтакте». За гэта судзілі аператара ЭВМ адной з устаноў адукацыі. Жанчына — цяжарная і стаіць на ўліку. Таксама ў яе ёсць яшчэ адно непаўналетняе дзіця.

Гродзенскі манастыр перадаў падарункі расійскім салдатам ва Украіну: сярод іх лісты дзяцей нядзельнай школы

Прапагандыстка Ксенія Лебедзева прывезла салдатам расійскага боку на Данбас «літаратуру» ад «гродзенскага прыходу» і лісты ад дзяцей з Гродна. Паводле яе слоў, гэтую дапамогу РФ сабрала ігумення Гаўрыіла (Марыя Глухава), настаяцельніца жаночага Свята-Раства-Багародзіцкага манастыра ў Гродне.