Жыхарка Ліды некалькі дзён угаворвала пажылую жанчыну даць $ 100 хабару загадчыцы аддзялення для медыцынскай рэабілітацыі неўралагічнага профілю. Нібыта за належнае аказанне меддапамогі яе брату. Тая дала грошы (па курсе — 319 рублёў 53 капейкі). Але лідчанка не перадала хабар, а пакінула сабе.

Пазней сястра пацыента пацікавілася ў загадчыцы, ці перадалі ёй падзяку за шпіталізацыю. Загадчыца пайшла ў міліцыю і сказала, што ёй нічога не перадавалі. Сястра таксама пайшла ў міліцыю з яўкай з павіннай.

За гэта жанчыну судзілі па двух артыкулах — за махлярства (ч.1 арт. 209 КК) і падбухторванне да дачы хабару (ч. 1 арт. 431 КК). Справу разгледзелі 1 красавіка ў судзе Лідскага раёна. Яна прызнала віну і адмовілася ад дачы паказанняў. Абвінавачаная — таксама пенсіянерка, у яе ёсць група інваліднасці. Яе асудзілі на два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на год.

Вядома, што загадчыца ў бальніцы больш не працуе.

Чытайце таксама: Прадпрымальнік хацеў зарабіць на кветках да 8 сакавіка. Абраў не тое месца — і застаўся вінны ў 5 разоў больш