Дрэвы ў скверы на плошчы Дзекабрыстаў высадзілі ў гонар 100-годдзя органаў гандлю Беларусі і 80-годдзя ўтварэння Гродзенскай вобласці. А яшчэ там заклалі капсулу часу і паставілі лаўкі ад розных гандлёвых сетак.

Для пасадкі выбралі дарослыя саджанцы гатункавых дрэў з гадавальніка «Зелянбуда». Сквер ля плошчы папоўнілі тры віды клёнаў, чырвоны дуб, блакітная елка, рабіна, туя і ліпа, расказалі на «Гродно Плюс». Саджаць дрэвы дапамагалі жыхары суседніх дамоў.

Таксама ў скверы паставілі лаўкі розных формаў, брэндаваныя рознымі гандлёвымі сеткамі, і сметнікі.

Крыштальную капсулу часу схавалі ў валуне за памятнай таблічкай. У закладцы капсулы і пасадках удзельнічалі старшыня гродзенскага гарвыканкама Андрэй Хмель, міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі Аляксей Багданаў і памочнік Лукашэнкі Юры Караеў.

Чытайце таксама: Як выратаваць зеляніну ў горадзе: правілы абрэзкі дрэў і адказнасць гараджан

Мерапрыемствы пройдуць па ўсёй краіне

Такія мерапрыемствы, прысвечаныя юбілею органаў гандлю, пройдуць у кожнай вобласці Беларусі. Вынікам стане ўрачысты сход у Палацы Рэспублікі з удзелам 2600 чалавек са сферы гандлю. Усяго ў гэтай галіне працуе больш за 600 тысяч чалавек, і яна традыцыйна займае другое месца па ўкладу ў ВУП краіны, расказаў міністр гандлю.

Азеляненне не проста так

Садзіць дрэвы ў гонар юбілею якіх-небудзь ведамстваў у Гродне станавіцца традыцыяй. Так, 12 красавіка ў Каложскім парку пасадзілі «пракурорскую» алею з 25 клёнаў у гонар 80-годдзя органаў пракуратуры Гродзенскай вобласці. Дрэвы, а не людзей, садзілі ветэраны ведамства, дзейныя пракуроры ўсіх раёнаў вобласці і школьнікі.

Яшчэ 45 клёнаў у той жа дзень і таксама ў Каложскім парку садзілі супрацоўнікі абласнога Камітэта дзяржкантролю і фінансавай міліцыі. Прычынай для другой алеі стаў 30-гадовы юбілей КДК.

Чытайце таксама: У Каложскім парку пасадзілі кусты, а на Курчатава алею. Колькі дрэваў, хмызнякоў і кветак пасадзілі ў Гродне за 2023 год