Святкаванне Дня Перамогі ў Гродне пачалі з акцыі «Беларусь памятае» — шэсця з партрэтамі ўдзельнікаў вайны па Савецкай. Таксама быў марш кадэтаў, вальс на плошчы і нават сплаў на байдарках з партрэтамі ўдзельнікаў вайны. Свята завяршылі канцэртам расійскага гурта «Любэ» і салютам.

У шэсці па Савецкай удзельнічалі каля дзвюх тысяч чалавек, расказалі на «Гродна Плюс»: кіраўнікі вобласці і горада, усе дэпутаты, прадстаўнікі адміністрацый, грамадскіх арганізацый, аб’яднанняў, партый, прафсаюзы, студэнты, школьнікі, калектывы прадпрыемстваў і гараджане. Шэсце завяршылася ля Вечнага агню ў парку Жылібера.

Была і калона з расцяжкай «Бессмертный полк» — расійскага руху, акцыі якога ў Беларусі звычайна забаранялі, а арганізацыйнаму камітэту адмаўляюць у рэгістрацыі. Замест іх праходзіла аналагічная акцыя «Беларусь памятае» — таксама шэсце з партрэтамі ўдзельнікаў вайны, але з чырвона-зялёнымі бутаньеркамі з кветкай яблыні замест георгіеўскіх стужак. У гэтым годзе дзве акцыі прайшлі адначасова. На ўдзельніках калоны ў Гродне былі георгіеўскія стужачкі і расійскі трыкалор, у руках — сцягі ваенна-марскога флота СССР.

Яшчэ да пачатку мерапрыемстваў памочнік Лукашэнкі Юры Караеў усталяваў на Гродзенскім драматычным тэатры копію сцяга, вывешанага на Рэйхстагу ў Берліне пры яго ўзяцці. «На ім указана дывізія, корпус і трэцяе ўдарнае войска, у складзе якой ваявалі гэтыя людзі, якім выпала цяжкае выпрабаванне і адначасова гонар штурмаваць Берлін з астатнімі злучэннямі і аб’яднаннямі Чырвонай Арміі, увайсці, як зараз кажуць, у цэнтр прыняцця рашэнняў, у логава фашысцкага звера, у Рэйхстаг і падняць над галоўнай кропкай Берліна, а такім чынам і ўсяго тагачаснага нацызму, Сцяг Перамогі», — сказаў пры гэтым ён.

Караеў на даху тэатра 9 мая ў Гродне
Караеў на даху тэатра 9 мая ў Гродне. Фота: «Пул 4 регион»

На плошчы Тызенгаўза выставілі ваенную тэхніку. У парку Жылібера паставілі «Алею ўсталяваных пляцовак»: там была і «Медсанчастка» з перабінтаваным манекенам з чырвонымі плямамі, і «Кіно на прывале» і «Партызанскі лагер».

У «Паўстанках часу» на Савецкай гродзенцам паказалі, як выглядаў хлеб па талонах. За «салдацкай» кашай розных відаў выстраілася вялікая чарга. Кашу раздавалі ў аднаразовых кубачках.

Незвычайны фармат акцыі «Беларусь памятае» арганізавалі на Аўгустоўскім канале: удзельнікі сплаўляліся на байдарках з партрэтамі тых, хто ваяваў, на выратавальных камізэльках.

Увечары на Савецкай плошчы выступіў расійскі гурт «Любэ». На канцэрце прысутнічалі Уладзімір Каранік і Юрый Караеў. Дзень завяршыўся песеннай акцыяй і салютам.

Салют на 9 траўня ў Гродне
Салют на 9 траўня ў Гродне

Чытайце таксама: Да двух сутак. Як беларусы стаяць у чэргах на мяжы 9 траўня