Connection Information

To perform the requested action, WordPress needs to access your web server. Please enter your FTP credentials to proceed. If you do not remember your credentials, you should contact your web host.

Connection Type

Зялёная энергетыка ў Беларусі ўжо не ў прыярытэтах - чаму?

Развіццё альтэрнатыўнай энергетыкі ў Гродзенскай вобласці пакуль пастаўлена на паўзу і дзяржавай, і прыватнікамі. Справа ў тым, што ветрапаркі і сонечныя элетрастанцыі недастаткова эфектыўныя з эканамічнага пункту гледжання. Пра гэта расказаў на прэс-канферэнцыі старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік.

Ветракі і сонечныя батарэі ў беларускіх умовах не могуць дэманстраваць такую ​​ж эканамічную эфектыўнасць, як атамная электрастанцыя ў Астраўцы, лічыць чыноўнік.

«Вырабляць эканамічна неканкурэнтаздольную электраэнергію толькі для таго, каб быць у трэндзе — напэўна, для рацыянальных беларусаў на сённяшні момант гэта не самы аптымальны падыход», — расказаў Каранік.

На думку Караніка, беларускую АЭС таксама можна адносіць да «зялёнай» энергетыкі, бо станцыя не дае выкідаў, якія ўплываюць на парніковы эфект. А да ветраэнергетыкі ці сонечнай энергетыкі можна будзе вярнуцца, калі гэтыя тэхналогіі, за кошт павышэння эфектыўнасці абсталявання, змогуць канкураваць з іншымі крыніцамі энергіі.

Чытайце таксама: Як у Навагрудку развівалі «зялёную» эканоміку

Прыватныя «зялёныя» электрастанцыі шукаюць, куды збываць энергію

Гэтая ж праблема, на думку чыноўніка, датычыцца і прыватных уладальнікаў ветрапаркаў ці сонечных электрастанцый.

«А куды яны гэту энергію дзенуць? У сетку [аддаваць] па тых тарыфах, па якіх мы гатовы купляць гэту энергію ў прыватных вытворцаў, у іх таксама няма эканомікі», — сказаў Уладзімір Каранік. Паводле яго слоў, многія ўладальнікі ветрапаркаў і сонечных электрастанцый зараз задумаліся аб будаўніцтве побач уласных вытворчасцей, якія дазволяць выкарыстоўваць гэтую энергію для вытворчасці нейкай прадукцыі. У прыватнасці, такія праекты абмяркоўваюцца ў Зэльвенскім, Шчучынскім і Навагрудскім раёнах.

Аднаўляльныя крыніцы энергіі - ужо не ў прыярытэце

У 2010-х дзяржава стымулявала развіццё «зялёных» электрастанцый з дапамогай павышаючых каэфіцыентаў. З іх улікам будаўніцтва ветракоў і сонечных станцый было выгадным, бо прыватнік мог прадаваць электрычнасць у агульную сетку па павышаных тарыфах. Але ў 2022 годзе гэтыя прэферэнцыі адмянілі. Калі раней каэфіцыент быў у сярэднім 1,3, а па сонечнай энергетыцы даходзіў да 3, то пасля зменаў тарыф наблізіўся да 0,4, пісала выданне «Беларусы і рынак». У новых умовах вытворчасць зялёнай энергетыкі і пастаўка яе ў агульную энергасетку сталі нерэнтабельнымі для вытворцаў.

Іншы бар’ер — дзяржаўнае рэгуляванне. Выканаць некаторыя патрабаванні проста немагчыма. Напрыклад, Мінэнерга патрабуе, каб пастаўшчык загадзя паведаміў, колькі электрычнасці дасць заўтра яго станцыя. Але ў выпадку ветракоў зрабіць гэта проста немагчыма.