Connection Information

To perform the requested action, WordPress needs to access your web server. Please enter your FTP credentials to proceed. If you do not remember your credentials, you should contact your web host.

Connection Type

Гродна страчвае гідаў-перакладчыкаў: засталося ўсяго 11 на ўсю вобласць

За апошнія тры гады ў Гродзенскай вобласці засталося 11 атэставаных гідаў-перакладчыкаў з 20. Пры гэтым і турыстаў, і экскурсаводаў стала больш.

У Гродне засталося ўсяго сем гідаў-перакладчыкаў, і яшчэ два працуюць у Гродзенскім раёне. Яны і павінны задаволіць попыт на экскурсіі на розных мовах на Аўгустоўскім канале, у Свяцку і іншых месцах, расказаў начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Максім Малахоўскі «Гродзенскай праўдзе». Прычына скарачэння колькасці гідаў-перакладчыкаў простая — 80% замежных турыстаў цяпер прыязджаюць у Гродна з Расіі.

У той жа час колькасць экскурсаводаў у вобласці з 2021 года вырасла са 122 да 161. Зараз у Гродне працуе 81 экскурсавод, 16 — у Навагрудскім раёне і 14 — у Лідскім. Па колькасці экскурсаводаў Гродзенскую вобласць чатыры гады запар у Беларусі апярэджвае толькі Мінск.

З студзеня па кастрычнік 2024 года Гродзенскую вобласць наведала больш за 800 тысяч турыстаў. Чыноўнікі ўпэўнены, што ў 2025 годзе асноўны турыстычны паток будзе ісці з Расіі, Кітая і Узбекістана.

Праца па іншых правілах

З 1 студзеня 2023 года пачалі дзейнічаць новыя правілы экскурсійнага абслугоўвання. Экскурсаводы і гіды-перакладчыкі павінны праходзіць адпаведную атэстацыю. Па новых правілах гіды абавязаны мець пры сабе пералік тэм экскурсій, якія яны абаранілі, а таксама бэйдж, тэрмін дзеяння якога пяць гадоў. Таксама ў 2024 годзе экскурсаводам і гідам-перакладчыкам у Беларусі вырашылі забараніць займацца экскурсійнай дзейнасцю, калі раней іх судзілі па «палітычным» артыкуле — нават калі з іх знялі судзімасць або спынілі пераслед.

У 2024 годзе 40 чалавек з Гродзенскай вобласці падалі заяўкі на атэстацыю, з іх паспяхова яе прайшлі 22. Атэстацыя ўключае тэарэтычны блок і абарону тэксту турыстычнага маршруту.

З 2025 года экскурсаводы будуць атрымліваць бэйджы новага ўзору з QR-кодам, які змяшчае інфармацыю пра гіда і экскурсію. Супрацоўнікам музеяў атэстацыя не патрэбна, але акрэдытацыя патрабуецца, калі яны хочуць праводзіць экскурсіі за межамі музея.

Чытайце таксама: У Гродне судзілі экскурсавода за «незаконныя» экскурсіі — забралі 220 рублёў