Эканамічны суд Гродзенскай вобласці аштрафаваў індывідуальнага прадпрымальніка. Прычынай стала тое, што ён працягваў працаваць, хоць яго бізнес афіцыйна знаходзіўся ў працэсе ліквідацыі. Парушэнне выявілася пасля таго, як маладажоны паскардзіліся ў падатковую — ім не спадабалася, як прадпрымальнік выканаў заказ.

Мужчына з чэрвеня 2017 года пачаў працэс спынення дзейнасці. Але ў жніўні 2023-га працягваў здымаць вясельныя ролікі і апрацоўваць іх, паведамілі ў Эканамічным судзе Гродзенскай вобласці.

Пра тое, што ІП-шнік працягвае працаваць, стала вядома, калі ў падатковую прыйшлі заказчыкі. Іх не задаволіла якасць здымкі. Маладажоны звярнуліся «ў сувязі з неналежным выкананнем абавязацельстваў» відэаграфа.

Праверка паказала, што ён працаваў незаконна і атрымаў за гэта больш за 1,2 тыс. рублёў.

На судзе гродзенец прызнаў віну. З улікам таго, што ў яго ёсць непаўналетняе дзіця, суд паводле ч. 3 арт. 13.3 КаАП прызначыў штраф у памеры 20 базавых велічынь. Таксама ён пастанавіў канфіскаваць 20% даходу, атрыманага ад незаконнай дзейнасці.