Connection Information

To perform the requested action, WordPress needs to access your web server. Please enter your FTP credentials to proceed. If you do not remember your credentials, you should contact your web host.

Connection Type

У Навагрудку археолагі знайшлі падмурак XVIII стагоддзя

У Навагрудку знайшлі ўчастак падмурку XVIII стагоддзя з валуннага каменя, у якім захавалася тагачасная цэгла. Яго знайшлі археолагі аддзела захавання і выкарыстання археалагічнай спадчыны Інстытута гісторыі НАН Беларус Наталля Пачобут і Леанід Каладзінскі, паведамляюць у Telegram-канале НАН Беларусі.

Выяўлены камень — фрагмент ветранага цаглянага млына, які знаходзіўся на тэрыторыі раскопак. Таксама выяўлена частка млынавых жорнаў. Камень перададуць у Навагрудскі краязнаўчы музей.

Гродзенскія археолагі праводзілі раскопкі яшчэ ў нулявых

У канцы 1990-х гадоў на тэрыторыі Малога замка ў Навагрудку стаяў напаўразбураны млын — у пісьмовых крыніцах яго фіксавалі з XVIII стагоддзя. Млын працаваў аж да ХХ стагоддзя.

Цікавасць да аб’екта ўзрасла пасля таго, як мясцовы прадпрымальнік Пётр Сільвановіч вырашыў аднавіць млын і ператварыць яго ў турыстычны аб’ект. Перад будаўніцтвам трэба было правесці археалагічныя даследаванні. Кіраўніком раскопак стаў археолаг Яраслаў Звяруга, яму таксама дапамагалі выкладчыкі і студэнты «купалаўскай» ВНУ.

— Але падзеі разгарнуліся зусім нечакана. Пакуль ішлі перамовы наконт археалагічных раскопак, прадпрымальнік пачаў працу: выклікаў МНС, каб ачысціць руіны. Пад напорам вады астатнія сцены млына разваліліся. Калі мы прыехалі, на месцы быў роўны ўчастак, —распавёў «Гродзенскай праўдзе» прафесар кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін ГрДУ імя Янкі Купалы Сяргей Піваварчык.

Пад пластамі зямлі знайшлі гісторыю, але раскопкі «замарозілі»

Археолагі знялі верхнія пласты зямлі і выявілі, што млын перабудавалі з былой абарончай вежы Навагрудскага замка.

— Вежу пабудавалі ў канцы XV — пачатку XVI стагоддзя як яшчэ адзін дадатковы рубеж абароны Навагрудка. Да разбурэння замкавых збудаванняў прывялі вайна Рэчы Паспалітай з Рускай дзяржавай у XVII стагоддзі, затым Паўночная вайна. А ў XVIII стагоддзі яе рэшткі проста адаптавалі пад млын, — кажа Піваварчык.

Акрамя таго, археолагі даведаліся, што вежу збудавалі на ўжо абжытай тэрыторыі. Пад падмуркам знайшлі культурны пласт XI-XIII стагоддзяў - гэты перыяд называюць часам старажытнарускага Навагрудка.

У Навагрудку археолагі знайшлі падмурак XVIII стагоддзя (абноўлена)
Адзін з артэфактаў, знойдзены падчас раскопак. Фота: «Гродзенская праўда»

Археолагі знайшлі старажытнамангольскія шкляныя бранзалеты і каралі, ключы XI-XIII стагоддзяў і амфарную кераміку, якая сведчыла аб гандлёвых сувязях з Прычарнамор’ем.

— Гэта быў гарадскі квартал рамеснікаў. На пласце дамангольскага часу ўжо ў позняе Сярэднявечча паставілі абарончую вежу, а затым яе ператварылі ў млын. Стратыграфія прасочвалася ідэальна, — дадае Піваварчык.

У 2001 годзе раскопкі спынілі - памёр прадпрымальнік Пётр Сільвановіч. Новага інвестара не знайшлі. Раскоп закансервавалі і засыпалі.

Былы млын унікальны для Беларусі

Цяпер на месцы раскопак прыватная забудова. Падмурак млына застаецца некранутым пад зямлёй, сцвярджае Піваварчык. Частку знойдзеных артэфактаў захоўваюць ва ўніверсітэце, некаторыя з іх увайшлі ў экспазіцыю факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ.

Піваварчык дадае, што ў Беларусі не захавалася падобных ветраных млынаў — усе былі разбураны альбо часам, альбо людзьмі.

— Ёсць адноўленыя вадзяныя — напрыклад, пад Лідай, у Дворышчы. А гэты быў ўнікальным: стаяў на падмурку абарончай вежы. Другога такога ў Беларусі няма, — дадае спецыяліст.

У Навагрудку археолагі знайшлі падмурак XVIII стагоддзя (абноўлена)
Эскіз млына ў Навагрудку. Крыніца: «Гродзенская праўда»

Чытайце таксама: Археалагічныя раскопкі: навошта капаць у цэнтры сучаснага горада і як гэта трэба рабіць?