Імя вядомага беларускага мастака атрымала сярэдняя школа №7 у Навагрудку. Мерапрыемства прайшло ў рамках так званага Дня народнага адзінства 17 верасня.

Па словах дырэктаркі школы, Алены Казак, для прысваення імя прарабілі вялікую працу. У Язэпа Драздовіча не было дзяцей, таму адшукаць ягоных сваякоў аказалася няпроста.

— Ад супрацоўнікаў Мастацка-этнаграфічнага музея імя Я. Н. Драздовіча, які знаходзіцца ў Шаркаўшчынскім раёне, мы даведаліся, што ёсць адзін далёкі сваяк, які працуе ў Глыбоцкім лясніцтве. Я знайшла яго і атрымала згоду на прысваенне нашай школе імя Язэпа Драздовіча, — распавяла Казак. 

У Беларусі імя, прозвішча, а таксама псеўданім чалавека адносяць да асабістых немаёмасных правоў. Пасля смерці права на абарону імя і гонару чалавека пераходзіць да нашчадкаў і блізкіх сваякоў. Заканадаўства прама забараняе выкарыстоўваць імёны вядомых людзей без згоды іх саміх альбо законных нашчадкаў.

Прысваенне імя сімвалічнае для Навагрудскай школы, бо біяграфія Язэпа Драздовіча звязана з горадам. У 1927–1929 гадах ён выкладаў маляванне ў Навагрудскай беларускай гімназіі, таксама ёсць цыкл работ мастака, прысвечаных рэгіёну.

Чытайце таксама: Гродзенскай школе прысвоілі імя Міхася Васілька