Жыхар Слоніма Сяргей распавёў у сакавіку ў TikTok пра пераслед сям’і з боку сілавікоў. Яго жонку выклікалі ў Следчы камітэт і пагражалі пазбавіць сям’ю прыёмных дзяцей. Мужчына вырашыў змагацца з гэтым – пайшоў у пракуратуру напісаць заяву на следчых.
Жонку Сяргея без позвы выклікалі 5 сакавіка ў СК. Паводле яго, жанчыну запалохвалі, пагражалі тым, што пазбавяць прыёмных дзяцей, пазбавяць працы. Мужчына пайшоў у пракуратуру, каб напісаць заяву на паводзіны следчых.
У другім відэа ён распавёў, што стала прычынай ціску на ягоную сям’ю. Нагодай стаў лайк пад “нядобрай фатаграфіяй прэзідэнта” ў “Одноклассниках” у 2016 годзе.

Пазней стала вядома, што на жанчыну завялі адміністрацыйную справу паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Пра гэта мужчына распавёў у сацсетках, пісаў Telegram-канал “Витебск, я гуляю!”.
Сілавікі адрэагавалі
У Слонімскім РАУС расказалі, што знайшлі лайк 47-гадовага мужчыны падчас маніторынгу. Ён у 2016 годзе паставіў лайк пад “прадукцыяй, якая абражае прэзідэнта”. Пазней выявілі, што мужчына падпісаны на “экстрэмісцкія” рэсурсы. Тое ж знайшлі ў яго жонкі – яе прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці.
У дачыненні да блогера ж распачалі крымінальную справу – у яго нібыта знайшлі прадукцыю, якая абражае прэзідэнта. Праводзіцца праверка. На відэа паказалі мужчыну ў кайданках і ў камеры. Яго арыштавалі і прад’явілі абвінавачванні. Сяргей распавёў, што падпісваўся на ўсіх запар – у гэтую падборку выпадкова трапіла “экстрэмісцкая” інфармацыя.
Мужчына зрабіў свой канал у TikTok прыватным – цяпер яго відэа недаступныя.
Чытайце таксама: Адразу 14 жыхароў Гродзеншчыны ўключылі ў спіс “экстрэмістаў”




