У Гродне сезон працы гарадскіх фантанаў стартуе 30 красавіка. Урачыстае адкрыццё пройдзе ў парку Жылібера.
Святочная праграма пачнецца а 20:00 з выступлення калектываў гарадскога цэнтра культуры. Каля 21:00 запусцяць галоўны фантан парка — яго працу суправадзяць светлавымі эфектамі і шоу-праграмай, паведамляе тэлерадыёкампанія «Гродна».
Арганізатары абяцаюць яркае прадстаўленне з касцюмамі і сюрпрызамі. У прыватнасці, у неба паднімуцца аэрамадэлі ў выглядзе матылькоў.
Завершыцца вечар выступленнем кавер-гурта «Не сахар». Канцэрт працягнецца прыкладна да 22:00. На мерапрыемства запрашаюць усіх жыхароў і гасцей горада.




