У Threads галоўная рэдактарка дзяржгазеты “Гродзенская праўда” Таццяна Сяргеева называе краіны Балтыі “Прыбалтыкай” і плануе змагацца з украінцамі “галінкай “Орешника”. Тым часам на старонках газеты яна звяртаецца да ўладаў Падляскага ваяводства з прапановай «будаваць масты, а не сцены» і вярнуць чыгуначныя зносіны паміж Гроднам і Беластокам. Hrodna.life вывучыў непаслядоўнасць у выказваннях Сяргеевай.
Незалежныя медыя звярнулі ўвагу на акаўнт Таццяны Сяргеевай пасля каментавання ёю візіту Святланы Ціханоўскай у Кіеў.
Супрацоўнікі газеты выкарыстоўвалі рэзкія фармулёўкі, а непасрэдна Сяргеева спрачалася з нязгоднымі.
“Галінка “Орешника” і “украрэйхаўскія ракеты”. Аб чым піша Сяргеева?
Аказваецца, галоўная рэдактарка была актыўнай у Threads і раней. Напрыклад, пад публікацыяй аб папулярным польскім трэвэл-блогеры Каміле Ціхоцкім Сяргеева напісала, што ён «празападны грантаед».
Адзначылася Сяргеева і пад пастом аб навіне, што Еўрасаюз пачынае распрацоўку 21 пакета санкцый у дачыненні да Расіі. “На якім месцы ў іх дэмакратыя, у якой demos – гэта народ”, – напісала яна.
У адным з абмеркаванняў у Сяргеевай іранічна пацікавіліся, як яна збіраецца ваяваць супраць узброеных украінцаў. “Галінкай “Орешника”, – адказала галоўная рэдактарка.
У іншых каментарах Сяргеева транслюе папулярныя сярод беларускай прапаганды наратывы. Напрыклад, што хутка ў «Еўропе і за паветра плаціць абавяжуць», а таксама згадвае збеглых «змагароў», «украрэйхаўскія ракеты» і «натаўскіх наймітаў». Заве краіны Балтыі “Прыбалтыкай” – гэта састарэлае паняцце родам з СССР. Перажывае за зачыненыя заводы ў Еўропе, прысутнасць арабаў і няправільныя мультфільмы.
Мяркуючы па пакінутых каментарах, Сяргеева ахоўвае пазіцыі старшыні Гродзенскага аблвыканкама Юрыя Караева, беларусаў, якія з’ехалі, адносіць да «здраднікаў і паліцаяў» і дадае, што «размазвае змагароў у вольны ад працы час». Да таго ж, любіць “пушчанку” – самагонку, зробленую ў Белавежскай пушчы.
Публічна – “адна сям’я”
У працоўны час Сяргеева сапраўды займаецца іншымі пытаннямі. Напрыклад, у траўні 2026 выпусціла калонку, прысвечаную аднаўленню чыгуначных зносін паміж Гроднам і Беластокам. Галоўная рэдактарка лічыць гэта “разумным і правільным крокам”, а жыхароў па абодва бакі мяжы параўноўвае з “адной сям’ёй”.
Публікацыя заканчваецца фразай на польскай мове – польскаму боку прапануюць «будаваць масты, а не сцены» і прадракаюць «хуткую сустрэчу».
Хто такая Таццяна Сяргеева?
Сяргеева ўзначальвае «Гродзенскую праўду» са студзеня 2024. Да назначэння на пасаду працавала начальнікам аддзела па ўзаемадзеянні са СМІ, справах рэлігій і нацыянальнасцей Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама.
Раней працавала ў Ваўкавыскім райвыканкаме галоўным спецыялістам аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі. Была сакратаром адной з акруговых выбарчых камісій Ваўкавыска падчас выбараў у мясцовыя саветы дэпутатаў у 2018 годзе.
Чытайце таксама: “Клубничка” і “бабочки”. Мануал па скажэнні рэчаіснасці ад “Гродзенскай праўды”




