Гродзенскі музыка Стас Пачобут з гурта Deviation і панк-гурт Contra La Contra аб’ядналіся і стварылі праект «Тарэн». Яны ўжо апублікавалі дэма-версію альбома пад аднайменнай назвай. На рэліз звярнуў увагу журналіст Аляксандр Чарнуха.
«Выкручаныя на максімум агрэсія, ніякіх намёкаў на мелодыку — чысты хардкор-панк на тэмы, якія ўсім баляць, але менавіта ў такім ключы мала хто іх прамаўляе», — апісвае альбом Чарнуха.
Музычны крытык дадае, што па стылістыцы “Тарэн” нагадвае класічныя альбомы Guerrilla Urbana і “Чарговы дзень пад акупацыяй” гурта Deviation.
Само ж гучанне Чарнуха апісвае як “бескампраміснае, злое і сырое”, а творчы тандэм Пачобута і Contra La Contra называе “ідэальным комба”.
Усяго ў альбом увайшло шэсць трэкаў, у тым ліку – песня на вершы Віктара Жыбуля. Паслухаць рэліз можна на сайце BandCamp. Музыкі ўжо прэзентавалі альбом на зборным канцэрце ў Варшаве.
Deviation — анарха-панк-гурт, заснаваны ў 1993 годзе братамі Стасам і Андрэем Пачобутамі. Творчасць гурта адрознівалася смелымі палітычнымі выказваннямі, што дазволіла Deviation стаць яскравым прыкладам беларускай DIY-сцэны. У апошнія гады Стас Пачобут выступаў і выконваў песні Deviation, але адзначаў, што ўз’яднанне самога гурта магчымае толькі ў Беларусі.
Хардкор-панк гурт Contra La Contra з’явіўся крыху пазней — у 1999 годзе ў Гродне. Шырокую вядомасць, у тым ліку і на еўрапейскай сцэне набыла дзякуючы агрэсіўнаму жаночаму вакалу і песні «Из черной резины сделана власть» аб міліцэйскім ціску. Сваю дзейнасць гурт спыніў у 2004 годзе.
Чытайце таксама: Дзяўчаты з гродзенскага панк-гурта Messed Up сталі гераінямі фотапраекта




