На возеры ў цэнтры аграгарадка Капцёўка пад Гроднам пасяліліся бабры. Па словах мясцовых жыхароў, жывёлы знішчаюць дрэвы, руйнуюць берагавую лінію і ўсё часцей з’яўляюцца каля прыватных дамоў. Цяпер іх плануюць перасяліць у іншы вадаём.
За год спілавалі сем дрэў
З пачатку года на возеры ўжо давялося спілаваць сем дрэў, паведаміла старшыня Капцёўскага сельвыканкама Таццяна Лоска, піша раённая газета «Перспектыва».
— Гэтая праблема з’явілася каля двух гадоў таму. Да гэтага баброў на возеры не было, — распавяла яна. — Жыхары сталі звяртацца ў сельсавет, бо такое суседства прыносіць нямала клопатаў. Жывёлы падгрызаюць дрэвы і чарот, а галіны і сухая расліннасць засмечваюць дамбу.
Па словах мясцовага жыхара Паўла Крывенкава, чый дом размешчаны побач з возерам, наступствы дзейнасці баброў добра заўважныя.
— Раней вакол вадаёма расло шмат дрэў, а зараз у некаторых месцах засталіся толькі пні. Бераг бабры таксама зрылі, таму ён паступова абсыпаецца, — кажа мужчына.
Акрамя таго, жывёлы пашкодзілі лебядзіны домік, які знаходзіўся на беразе.
Бабры пачалі наведвацца ў двары
Дом Паўла Крывенкава абсталяваны камерамі відэаназірання, таму жывёлы не раз траплялі ў аб’ектыў.
Мужчына згадвае, што аднойчы ўбачыў на газоне прымятую траву, нібы пасля начнога пікніка. Праглядзеўшы запісы з камер, ён высветліў, хто быў нязваным госцем.
— Прыкладна а палове на чацвёртую раніцы бабёр выйшаў з вады і прыйшоў на лужок. Праўда, нічога дрэннага не зрабіў, нават вербы не пашкодзіў, — распавядае Павел.
Каб засцерагчы ўчастак ад падобных візітаў, гаспадар вырашыў паставіць плот з боку возера.
Жыхары асцерагаюцца, што дамба прарве
Суседка Паўла, пенсіянерка Ірына Макарэвіч, кажа, што асабіста баброў каля свайго дома не бачыла, аднак праблемы праз іх адчувае рэгулярна.
— Кожны дзень даводзіцца прыбіраць смецце, якое плынню прыбівае да ўчастка, а таксама чысціць дамбу. Узровень вады практычна нараўне з зямлёй, таму калі дамба засмеціцца, вада можа падняцца. Добра, што суседзі дапамагаюць, — адзначае жанчына.
Па яе словах, раней бабры ў гэтых мясцінах таксама сустракаліся, але жылі на іншым возеры.
— Зараз ужо і маленькія бабраняты плаваюць. Рыбакі распавядалі, што бачылі іх, — дадае суразмоўца.

Баброў могуць перасяліць
Мясцовыя жыхары сыходзяцца ў меркаванні, што баброў неабходна адлавіць і перасяліць у іншае месца. Яны асцерагаюцца, што ў адваротным выпадку дрэў на беразе неўзабаве зусім не застанецца, а праблемы з дамбай будуць толькі нарастаць.
Стараста вёскі Бычкі Мікалай Кажэцкі распавёў, што калісьці ў іх за вёскай на рэчцы таксама селіліся бабры, але потым зніклі.
— Жывёлы самі вырашаюць, дзе ім жыць. Пакуль не захочуць пакінуць вадаём, нічога з імі не зробіш, — падзяліўся ён сваім меркаваннем.
Таццяна Лоска звярнулася ў Гродзенскую абласную арганізацыйную структуру БТПР (Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў). Там адказалі, што без спецыяльнага дазволу Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя адлавіць баброў нельга.
Намеснік старшыні Марк Баранскі патлумачыў сітуацыю:
— Мы ў курсе праблемы ў Капцёўцы. Ёсць два шляхі вырашэння: адлоў і перасяленне або здабыча бабра. Паколькі вадаём знаходзіцца ў населеным пункце, мы не маем права на такія дзеянні. Каб атрымаць адпаведны дазвол, раённы тэрытарыяльны орган павінен звярнуцца ў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Толькі пасля гэтага мы прымем меры.

Таццяна Лоска накіравала ліст у Гродзенскі райвыканкам.
— У бліжэйшы час мы ў складзе камісіі выедзем на месца, абследуем берагі, вадаём, пасля чаго аператыўна складзем заяўку ў Міністэрства на бяззбройны адлоў жывёл. Як толькі яна будзе адобрана, звяжамся са спецыялістамі БТПР для вырашэння пытання, — распавёў намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Андрэй Занеўскі.
Да слова, па такім жа алгарытме пару гадоў таму перасялялі бабра з Аўгустоўскага канала.



