«Гродзенская праўда» расказала, як вярнуцца ў Беларусь тым, каго шукаюць за ўхіленне ад прызыву. У публікацыі дзяржвыданне патлумачыла ўмовы вызвалення ад крымінальнай адказнасці на прыкладзе 25-гадовага жыхара гарадскога пасёлка Рось. Ён вярнуўся з Польшчы: на мяжы яго перадалі праваахоўнікам, а затым адпусцілі дадому пад заклад.
Пра справу даведаўся ад бацькі
У публікацыі мужчыну называюць Арцёмам — імя зменена. Ён родам з гарадскога пасёлка Рось, вучыўся ў гродзенскай школе. У 2019 годзе паступіў ва Універсітэт Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне.
У 2022 годзе Арцём паехаў у Польшчу абараняць дыплом і застаўся там. У лістападзе ад бацькі даведаўся, што ў Беларусі супраць яго распачалі крымінальную справу за ўхіленне ад мерапрыемстваў па прызыве. Вяртацца баяўся праз магчымае пазбаўленне волі.
Паводле Арцёма, знайсці працу па спецыяльнасці маркетолага не атрымалася. Ён працаваў у прадуктовай краме і на складзе. Пазней пераехаў у Познань, дзе тры гады вучыўся ў медыцынскім каледжы (хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра так званую паліцэальную школу — Hrodna.life) і працаваў масажыстам.
Даведаўшыся пра магчымасць спыніць крымінальную справу, мужчына абмеркаваў вяртанне з бацькамі. Праз бацьку падтрымліваў сувязь з праваахоўнікамі. Дзень і час перасячэння мяжы ўзгаднілі загадзя.
Арцём вярнуўся ў Беларусь 16 верасня 2026 года. Спачатку яго сустрэлі памежнікі, затым перадалі міліцыі і Следчаму камітэту. Пасля афармлення закладу яго забралі блізкія.
Суму закладу выданне не называе. Таксама не ўдакладняе, ці прайшоў мужчына медкамісію, ці прызваны ён на службу і ці спынена ўжо крымінальная справа.
Як праходзіць вяртанне
У канцы 2025 года змены ў заканадаўстве дазволілі прызываць на службу падазраваных і абвінавачаных ва ўхіленні ад прызыву, калі яны добраахвотна заявілі пра гатоўнасць выканаць воінскі абавязак. Гэта дае магчымасць прайсці неабходныя працэдуры і дамагчыся вызвалення ад крымінальнай адказнасці.
Паводле начальніка аддзялення вышуковай работы крымінальнага вышуку Кастрычніцкага РУУС Гродна Васіля Шайбака, узгадніць вяртанне можна двума спосабамі: звярнуцца ў беларускае пасольства або праз сваякоў звязацца з тэрытарыяльным РАУС.
Паводле Шайбака, пры залічэнні на службу крымінальную справу спыняюць.
Што будзе, калі прызнаюць непрыдатным
Паводле тлумачэння Шайбака, на час праверак і праходжання медкамісіі крымінальны пераслед прыпыняюць. Калі чалавека прызнаюць непрыдатным да службы паводле стану здароўя, справу таксама спыняюць — нават калі да ад’езду ён лічыўся прыдатным.
Пры гэтым само вяртанне і заява пра гатоўнасць служыць яшчэ не азначаюць, што справа закрытая: неабходна прайсці прадугледжаныя законам працэдуры.
Вяртанне можа суправаджацца арыштам
Шайбак прывёў і іншы прыклад. Маладога чалавека дэпартавалі з Польшчы праз праблемы з дакументамі. На беларускай мяжы яго затрымалі, паколькі ён знаходзіўся ў вышуку, і ўзялі пад варту.
Ужо ў СІЗА мужчына заявіў пра гатоўнасць служыць. Пакуль ішла працэдура, ён правёў пад арыштам каля месяца. Затым яго вызвалілі пад заклад, і ён адправіўся ў войска.
У вышуку — 116 чалавек
Паводле даных Шайбака, на канец верасня 2026 года Кастрычніцкае РУУС Гродна шукала 116 чалавек паводле артыкула 435 КК — за ўхіленне ад мерапрыемстваў па прызыве. З пачатку года ў вышук абвясцілі 14 чалавек. Паводле прадстаўніка міліцыі, большасць выязджае ў Польшчу і Літву, часта — на вучобу.
Каля 30 чалавек, якіх шукаюць, ужо выйшлі з прызыўнога ўзросту. Шайбак адзначыў, што пасля дасягнення 27 гадоў чалавек ужо не можа быць прызваны і скарыстацца апісаным механізмам. Пры гэтым крымінальная справа аўтаматычна не закрываецца.
У размовах са сваякамі міліцыя, паводле Шайбака, спасылаецца на 15-гадовы тэрмін даўнасці паводле гэтага артыкула і папярэджвае пра затрыманне пры вяртанні.
Пяць ці 15 гадоў: як лічаць тэрмін даўнасці
Шайбак заявіў, што тэрмін даўнасці за ўхіленне ад прызыву складае 15 гадоў з моманту распачынання справы і абвяшчэння чалавека ў вышук. Але гэта недакладнае тлумачэнне.
Звычайны тэрмін даўнасці за такое злачынства — пяць гадоў. Пра гэта ў чэрвені 2024 года расказваў суддзя Вярхоўнага суда Уладзімір Давыдаў. Аднак калі чалавек хаваецца ад следства або суда, адлік ставяць на паўзу. Ён аднаўляецца пасля затрымання або яўкі з павіннай. Таму проста пражыць пяць гадоў за мяжой не азначае аўтаматычна вызваліцца ад адказнасці.
15 гадоў — гранічны тэрмін, прадугледжаны законам у тым ліку для такіх выпадкаў. Згодна з артыкулам 83 КК, яго лічаць з часу здзяйснення злачынства, а не з распачынання справы або абвяшчэння ў вышук. Пры гэтым ёсць умовы і выключэнні: у прыватнасці, новае наўмыснае злачынства можа перарваць тэрмін даўнасці.
Такім чынам, лічба 15 гадоў мае падставу ў законе, але фармулёўка «15 гадоў з моманту распачынання справы» некарэктная.


