Стан старажытных дубовых лясоў у Белавежскай пушчы пагаршаецца: дрэвы аслаблены з-за натуральнага старэння і сухога надвор’я, якое трымалася апошнія гады. На маніторынг спецыялістаў Акадэміі Навук звярнула ўвагу «Наша Ніва».
Маніторынг праводзілі на сямі пунктах сталага назірання – у іглічных і дубовых зонах пушчы. Выснову аб стане навакольнага асяроддзя зрабілі на аснове біяідэнтыфікацыйных паказчыкаў. Пры такім аналізе дадзеныя атрымліваюць не праз складаныя хімічныя аналізы глебы ці паветра, а па вонкавым выглядзе, тэмпу росту і агульным стане жывых арганізмаў – у дадзеным выпадку дрэў.
Вынікі даследавання паказалі, што дубровы знаходзяцца ў аслабленым стане. Спецыялісты таксама адзначаюць, што стан дуба чарэшчатага (або звычайнага) значна горшы, чым стан больш рэдкага дуба скальнага, а таксама клёну, ліпы, асіны і ёлкі.
На думку спецыялістаў, прычын у праблемы некалькі. На стан дрэў уплывае іх натуральнае старэнне, а таксама наступствы засушлівых перыядаў апошніх гадоў – яны моцна адбіваюцца на вільгацелюбівых экасістэмах. Негатыўны ўплыў аказвае і тое, што ў запаведных зонах не праводзяць санітарныя мерапрыемствы.
Сярод галоўных небяспек для пушчанскіх дуброў спецыялісты называюць развіццё хваробатворных грыбкоў і бактэрый. Таксама лес пакутуе ад насякомых-шкоднікаў і аб’ядання дзікімі жывёламі.
Чытайце таксама: Тры Белавежскія пушчы. Як агароджы на мяжы змяняюць лес і жывёльны свет у Беларусі, Польшчы і паміж платамі



