Жыхары Лідскага раёна ў ліпені паскардзіліся ў прыродаахоўную інспекцыю на стан ракі Дзітва. Супрацоўнікі правялі абследаванне рэчышча ракі і адводнага канала ад ачышчальных збудаванняў, узялі пробы вады. Аналізы пацвердзілі парушэнні гранічна дапушчальных канцэнтрацый, паведамляе СТВ. 

Ведамства разлічыць шкоду навакольнаму асяроддзю і прыцягне вінаватых да адміністрацыйнай адказнасці, паведаміў Андрэй Ерамейчык, начальнік Лідскай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Толькі за 2026 год гэта ўжо трэці выяўлены факт перавышэння нарматываў дапушчальных скідаў ад ачышчальных збудаванняў. СТВ запэўнівае, што камунальнікі праблему ведаюць і імкнуцца вырашыць. У 2018 годзе запланавалі рэканструкцыю комплексу за кошт сродкаў Еўрапейскага банка. Санкцыі сарвалі планы. На пошук крыніц фінансавання сышоў час. Прыступіць да мадэрнізацыі ўдалося год таму.

Першую чаргу мадэрнізацыі плануюць завяршыць у 2026 годзе, паведамляе Аляксей Дубянецкі, першы намеснік дырэктара – галоўны інжынер Лідскага гарадскога ЖКГ. Вядуцца работы па другой чарзе. Па трэцяй чарзе адбываецца закупка абсталявання. Праект плануюць рэалізаваць да канца 2027 года.