У гарадской паліклініцы № 3 Гродна з’явіўся Telegram-бот, які дапаможа пацыентам прайсці абавязковыя медыцынскія камісіі. Праз яго можна даведацца, якія дакументы спатрэбяцца, у якія кабінеты звяртацца і як праходзіць афармленне даведак.
Аўтарам стварэння лічбавага памочніка стала загадчыца аддзялення абавязковых медыцынскіх аглядаў гарадской паліклініцы № 3 Галіна Лазута. Яна распрацавала канцэпцыю сэрвісу, яго структуру, медыцынскае напаўненне, алгарытмы працы і сцэнарыі ўзаемадзеяння з карыстальнікамі. З тэхнічнай рэалізацыяй асобных праграмных рашэнняў дапамог гродзенскі праграміст.
Чат-бот дапамагае пацыентам хутчэй разабрацца ў парадку праходжання медыцынскіх камісій, даведацца, якія дакументы спатрэбяцца, і знайсці адказы на самыя частыя пытанні, паведамляе «Гродзенская праўда».
Што ўмее чат-бот
Новы сэрвіс працуе ў аддзяленні абавязковых медыцынскіх аглядаў. Праз яго можна атрымаць інфармацыю пра розныя віды медыцынскіх камісій і даведак.
У меню даступныя раздзелы пра:
- праходжанне вадзіцельскай камісіі,
- перыядычныя медыцынскія агляды,
- дыспансерызацыю,
- медкамісію для паступлення ва ўстановы адукацыі,
- мeдкамісію для афармлення дазволу на зброю,
- медкамісію для атрымання віду на жыхарства,
- медкамісію для працаўладкавання і паступлення.
Таксама ў чат-боце ёсць спасылка на анлайн-заяўку для атрымання выпіскі з медыцынскіх дакументаў па месцы патрабавання, якую можна аформіць дыстанцыйна, і інфармацыя пра розныя ільготы для пацыентаў.
Каб знайсці патрэбныя звесткі, дастаткова выбраць раздзел галоўнага меню, і бот перанакіруе да неабходнай інфармацыі, дзе будуць распісаны час, нумар кабінета, якія дакументы патрэбны і якія крокі трэба зрабіць, каб прайсці тую ці іншую камісію.
Скарыстацца сэрвісам можна ў Telegram, знайшоўшы чат-бот @PolyclinicN3Bot, або праз QR-коды, размешчаныя ў аддзяленні абавязковых медыцынскіх аглядаў.
Бот стварылі за два тыдні
На распрацоўку чат-бота пайшло каля двух тыдняў. У паліклініцы адзначаюць, што бот плануецца рэгулярна абнаўляць: у яго будуць уносіць змены пры абнаўленні нарматыўных патрабаванняў і пашырэнні пераліку паслуг.
Распрацоўку пры неабходнасці можна адаптаваць і для іншых медыцынскіх устаноў. У паліклініцы гатовы падзяліцца сваімі нарацоўкамі з іншымі медустановамі.


