Савецкі баскетбаліст і трэнер, ураджэнец Гродна Іван Ядэшка памёр на 82-м годзе жыцця. Пра гэта паведаміла прэс-служба маскоўскага баскетбольнага клуба ЦСКА, у складзе якога гродзенец шмат гадоў гуляў, а пасля працаваў трэнерам.

Паводле інфармацыі ТАСС, прычынай смерці стаў інфаркт.

Хто такі Іван Ядэшка

Іван Ядэшка нарадзіўся 25 сакавіка 1945 года ў вёсцы Сцяцкі Гродзенскага раёна. Сам у інтэрв’ю расказваў, што насамрэч нарадзіўся ў Гродне, але на той момант сям’я яшчэ мела вясковую прапіску.

Гуляў за мінскія «Спартак» і «РТІ», маскоўскі ЦСКА і кіеўскі СКА. Увайшоў у гісторыю сусветнага баскетбола, зрабіўшы «залаты пас» Аляксандру Бялову за тры секунды да заканчэння фінальнага матча зборных СССР і ЗША на Алімпіядзе ў Мюнхене ў 1972 годзе. Тады ў напружанай канцоўцы матча савецкія баскетбалісты тройчы ўводзілі мяч у гульню праз прыпыненні і праблемы з адлікам часу і ўрэшце вырвалі перамогу ў амерыканцаў з мінімальнай перавагай — 51:50. Ядэшка стаў адным з герояў таго матча. Пасля Алімпіяды гродзенец стаў чэмпіёнам свету, Еўропы і СССР, а таксама атрымаў шэраг высокіх узнагарод.

У 2008 годзе Івана Ядэшку ўнеслі ў Кнігу Славы горада Гродна за высокія спартыўныя дасягненні і вялікі асабісты ўклад у развіццё і папулярызацыю спорту ў Беларусі.

У 2017 годзе пра перамогу савецкай зборнай на Алімпійскіх гульнях знялі фільм «Рух уверх». Іван Ядэшка быў галоўным кансультантам сцэнарыстаў гэтай стужкі.

Не забываў родны Гродна

Хоць Іван Ядэшка шмат гадоў жыў у Маскве, ён рэгулярна прыязджаў у Гродна. Тут у 2024 годзе прайшоў баскетбольны турнір на прызы Ядэшкі.

«Я лічу сябе рускім беларусам, — расказваў Іван Ядэшка ў 2019 годзе. — Гродна — мой родны горад, і я заўсёды люблю сюды прыязджаць. Гэта адно з маіх любімых месцаў на зямлі. Асабліва люблю Нёман, рыбалку і зносіны са сваякамі. Родны горад я добра ведаю, тут пачынаў сваю спартыўную кар’еру, таму стараюся прыязджаць сюды раз на два гады. У дзяцінстве, як і многія іншыя гродзенскія хлопчыкі, я займаўся многімі відамі спорту, а гадоў у 13 ці 14 ужо вызначыўся, што мне патрэбна. Выбраў баскетбол і не памыліўся».

У дзяцінстве Ядэшка ледзь не страціў руку, але яе выратаваў вядомы гродзенскі хірург Іван Нічыпарук.

«За мяжой адзін з сапернікаў з усмешкай сказаў: „Ядэшку лёгка дакладна кідаць мяч у кошык, у яго ж рука крывая“. А яна сапраўды крывая. Я ж увогуле мог застацца інвалідам. У сем гадоў, упаўшы з плота на бетонную пліту, я моцна пашкодзіў локаць. Суставы былі раздробленыя ў некалькіх месцах. Рука пачала апухаць. Стала зразумела, што трэба ампутаваць. Мама была катэгарычная: „Не дам адрэзаць сыну руку!“ Галоўны хірург Нічыпарук сказаў: „Добра, паспрабуем выратаваць…“ І выратавалі. Тройчы ламалі косці і складвалі іх нанова. Калі яны зрасліся трэці раз, рука не згіналася», — успамінаў знакаміты баскетбаліст.